Сэрвісы

Міжуніверсітэцкі круглы стол «Класічныя мовы і антычная культура: рэцэпцыя, методыка выкладання»

Міжуніверсітэцкі круглы стол «Класічныя мовы і антычная культура: рэцэпцыя, методыка выкладання»

21 студзеня 2026 г. на філалагічным факультэце БДУ прайшло пасяджэнне Міжуніверсітэцкага круглага стала «Класічныя мовы і антычная культура: рэцэпцыя, методыка выкладання», арганізаванага кафедрай класічнай філалогіі і прысвечанага Дню беларускай навукі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел выкладчыкі класічных моў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, Петразаводскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытута замежных моў РДПУ ім. А.І. Герцэна (Санкт-Пецярбург).

Клінічныя тэрміны, якія абазначаюць стан нормы, разглядаліся ў дакладзе старшага выкладчыка кафедры лацінскай мовы БДМУ Макрыцкай Таццяны Пятроўны. Пародыі на гамераўскі эпас у гістарычным сатырычным рамане Іржы Марэка «Мой дзядзька Адысей» было прысвечана выступленне Вострыкавай Алены Уладзіміраўны, дацэнта кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства БДУ. Асаблівасці перадачы новазапаветных фразеалагізмаў у сучасных рускіх перакладах Бібліі абмяркоўваліся ў рамках даклада загадчыка кафедры класічнай філалогіі БДУ Кірычэнка Арыны Уладзіміраўны.

Семантыку дзверы ў рымскай серэнадзе (Paraclausithyron) абрала тэмай свайго выступлення Мушчыніна Людміла Мікалаеўна, дацэнт кафедры раманскай філалогіі Інстытута замежных моў РДПУ ім. А.І. Герцэна. Гісторыі станаўлення і сучаснаму стану класічнай філалогіі ў Петразаводскім дзяржаўным універсітэце быў прысвечаны даклад Скарападскай Ганны Аляксандраўны, дацэнта кафедры класічнай філалогіі, рускай літаратуры і журналістыкі ПетрДУ. Пытанні словаўтваральнага патэнцыялу рускіх агентыўных назоўнікаў лацінскага паходжання былі асветлены ў навуковым даследаванні Стрыга Кацярыны Віктараўны, дацэнта кафедры класічнай філалогіі БДУ. Лявончык Алена Сяргееўна, старшы выкладчык кафедры класічнай філалогіі БДУ, прааналізавала семантычную трансфармацыю лацінскіх каранёў са значэннямі ‘чараўніцтва’ і ‘хлусні’ ў рускай, беларускай і англійскай мовах.

Пра ролю падручнікаў лацінскай мовы ў эпоху штучнага інтэлекту распавядаў у сваім выступленні старшы выкладчык кафедры класічнай філалогіі БДУ Мінкевіч Дзмітрый Генадзьевіч. Метадычныя аспекты выкладання медыцынскай латыні разглядаліся ў дакладах Круглік Наталлі Анатольеўны, загадчыка кафедры лацінскай мовы БДМУ, і Малярэвіч Крысціны Віктараўны, выкладчыка кафедры лацінскай мовы БДМУ.

Сістэме субстантыўнага скланення грэчаскай мовы ў дыяхранічным аспекце быў прысвечаны даклад Гомана Дзмітрыя Мікалаевіча, дацэнта кафедры класічнай філалогіі БДУ; інтэрпрэтацыі і пераасэнсаванню міфаў у сучасным мастацтве на прыкладзе серыяла «Каос» – даклад Машэўскай Веры Валер'еўны, старшага выкладчыка кафедры лацінскай мовы БДМУ.

Сфера інтарэсаў маладых даследчыкаў класічнай філалогіі адлюстравана ў выступленнях Грыцэвіча Уладзіміра Дзмітрыевіча, выкладчыка кафедры класічнай філалогіі БДУ, магістранта філалагічнага факультэта БДУ («‘Судзіць’ па-грэчаскі: сістэмная арганізацыя старажытнагрэчаскай судовай лексікі ад зыходных дзеясловаў да дэрыватаў»), Дзенісейка Анжалікі Вітальеўны, магістранта філалагічнага факультэта БДУ, выкладчыка кафедры класічнай філалогіі БДУ («Эвалюцыя жанру эпіграмы ў творчасці Мацея Сарбеўскага»), Драгуна Мацвея Аляксандравіча, выкладчыка БДМК («Obyczajus starus et receptus: пра макаранічныя вершы Пятра Раізія, моватворчасць і структурную патэнцыйнасць перакладу макаронаў»), Котавай Марыі Аляксандраўны, выкладчыка кафедры класічнай філалогіі БДУ («Virtus і libertas у разважаннях Андрэя Волана як адлюстраванне рэнесанснага светапогляду»), Чарневіч Эвеліны Альбертаўны, магістранта філалагічнага факультэта БДУ («Выкарыстанне каларонімаў пры апісанні знешнасці чалавека ў мастацкіх тэкстах на лацінскай мове»).

Усе ўдзельнікі Круглага стала, у тым ліку і слухачы-студэнты спецыяльнасцяў «Класічная філалогія» і «Рамана-германская філалогія», з вялікай цікавасцю абмяркоўвалі прапанаваныя тэмы і праблемы.

photo_2026-01-22_09-21-46.jpg

photo_2026-01-22_09-21-48_2.jpg

photo_2026-01-22_09-21-44.jpg

photo_2026-01-22_09-21-33.jpg

photo_2026-01-22_09-21-26.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image