Сэрвісы

“Не толькі бацька генія”: на філалагічным факультэце БДУ адбылася сустрэча з даследчыцай Валянцінай Кароткінай

“Не толькі бацька генія”: на філалагічным факультэце БДУ адбылася сустрэча з даследчыцай Валянцінай Кароткінай

1 красавіка 2026 года кафедра тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БДУ арганізавала мерапрыемства з мэтай пачуць расказ пра чалавека, імя якога часта застаецца ў цені вялікага сына. Сустрэча з Валянцінай Кароткінай, загадчыкам навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, была прысвечана прэзентацыі выдання “Архіўныя матэрыялы да жыцця і дзейнасці Адама Багдановіча. Сшытак 6” і размове пра асобу самога Адама Ягоравіча Багдановіча – этнографа, фалькларыста, нарадавольца і, безумоўна, аднаго з самых яркіх мемуарыстаў свайго часу.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел загадчык кафедры дацэнт Таццяна Марозава, прафесар Людміла Сінькова, дацэнт Таццяна Лук’янава, студэнты 1 курса спецыяльнасці “беларуская філалогія” і 3 курса спецыяльнасці “славянская філалалогія”. Мадэратарам сустрэчы выступіла дацэнт кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства Ларыса Гедзімін.

Валянціна Кароткіна, якая доўгія гады займаецца вывучэннем і публікацыяй спадчыны Адама Багдановіча, прадставіла аўдыторыі не сухія біяграфічныя факты, а жывы, эмацыянальны і па-сапраўднаму захапляльны партрэт чалавека, які сам сябе зрабіў.

У цэнтры ўвагі аказаліся мемуары Адама Багдановіча – унікальны дакумент свайго часу. Госця расказала, як сын селяніна змог стаць вядомым этнографам, увайсці ў арганізацыю «Народная Воля», сябраваць з Максімам Горкім і пакінуць пасля сябе вялікую мемуарную спадчыну.

Асаблівую ўвагу Валянціна Сяргееўна надала асобе самога Адама Ягоравіча – не толькі як бацькі класіка, але і як самастойнай фігуры, чые погляды, характар і жыццёвы выбар фарміравалі цэлую эпоху. Дакладчыца падзялілася з прысутнымі цікавымі дэталямі, якія робяць Адама Багдановіча не проста гістарычным персанажам, а жывым чалавекам, блізкім і зразумелым нават праз стагоддзе.

Асаблівы інтарэс аўдыторыі выклікала прэзентацыя, якую падрыхтавала Валянціна Сяргееўна. На старых фатаграфіях перад студэнтамі паўсталі мясціны, непасрэдна звязаныя з жыццём Адама Багдановіча, – Нясвіж, а таксама Мінск – горад, дзе будучы этнограф у розныя гады жыў, вучыўся, працаваў і вёў рэвалюцыйную дзейнасць. На здымках можна было ўбачыць вуліцы, па якіх хадзіў малады Адам, у прыватнасці Падгорную (цяперашнюю Карла Маркса, дзе знаходзіцца будынак філфака). Для студэнтаў было кранальна параўнаць, як змяніўся горад за апошнія 150 гадоў.

Асаблівым акцэнтам мерапрыемства стала кніжная экспазіцыя, якую прэзентавала Валянціна Сяргееўна. Сярод прадстаўленых выданняў былі як унікальныя экзэмпляры кніг самога Адама Багдановіча, так і даследаванні яго жыцця і творчасці.

Сустрэча прайшла ў фармаце жывой размовы. Студэнты і выкладчыкі актыўна ўключаліся ў дыскусію, задавалі пытанні пра лёс архіваў Адама Багдановіча, пра тое, як яго рэвалюцыйная дзейнасць уплывала на выхаванне сына Максіма, пра складанасці публікацыі мемуараў у наш час.

Асобную цікавасць у студэнтаў выклікала размова пра Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, які ўжо шмат гадоў з’яўляецца цэнтрам вывучэння літаратурнай спадчыны, а таксама практычны бок: ці могуць будучыя выпускнікі філалагічнага факультэта працаваць у музеі, якія спецыяльнасці запатрабаваны і як выбудоўваецца ўзаемадзеянне паміж універсітэтам і музейнымі ўстановамі. Дакладчыца падкрэсліла, што музей заўсёды адкрыты для маладых даследчыкаў.

Сустрэча з Валянцінай Кароткінай стала яскравай падзеяй у межах вывучэння беларускай мемуарыстыкі і фальклорнай спадчыны. Яна нагадала, што за кожным вялікім іменем стаіць не толькі творчасць, але і складаны, часта поўны выпрабаванняў жыццёвы шлях. А таксама – што даследчыцкая праца, якая вяртае з забыцця такія постаці, вартая самага глыбокага прызнання.

Кафедра тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БДУ выказвае шчырую падзяку Валянціне Сяргееўне Кароткінай за цудоўную сустрэчу і спадзяецца на далейшае плённае супрацоўніцтва.

ph03042026128798371723.JPG

ph030420261928739817239.JPG

Image

Рэсурсы

Image
Image