Ідэя правядзення цэлага комплексу мерапрыемстваў з'явілася не на пустым месцы. У іх аснове - вынікі праходжання студэнтамі 1 курса спецыяльнасцей "Беларуская філалогія", "Руская філалогія" і "Славянская філалогія" першай вытворчай практыкі па фальклору, якая з'яўляецца неад'емнай часткай вучэбнага працэсу пры падрыхтоўцы студэнтаў-філолагаў.
Фалькларысты кафедры тэорыі літаратуры і вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору філалагічнага факультэта знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых форм і відаў удасканалення вучэбна-выхаваўчай і навуковай работы са студэнтамі. Так, у 2009 годзе была апрабіравана новая форма здачы справаздач па фальклорнай практыцы - іх групавая прэзентацыя, якая добра сябе зарэкамендавала. Таму менавіта з гэтага мерапрыемства былі пачаты "Тры дэкады" (6 - 8 верасня). Трэба сказаць, што такі падыход дазваляе разняволіць студэнтаў, праявіць свае аратарскія здольнасці, зацікавіць іх у лепшых выніках, ацаніць сваю працу "з боку", вачыма сваіх калег-практыкантаў.
Яшчэ 10 гадоў назад выкладчыкі фальклору к.ф.н., дацэнт Рыма Мадэстаўна Кавалёва і к.ф.н. Вольга Віктараўна Прыемка прапанавалі ўзмацніць навукова-выхаваўчы патэнцыял фальклорнай практыкі і з дапамогай ініцыятыўных студэнтаў арганізавалі правядзенне 2 мерапрыемстваў: "круглага" стала "Беларускі фальклор у прасторы і часе нацыянальнай культуры", на якім студэнты маглі выступіць з паведамленнямі на фалькларыстычную тэму, і Фальклорнага фэсту, на якім можна было па-мастацку прэзентаваць фальклорную спадчыну нашага народа. Мерапрыемствы "прыжыліся" і з часам сталі візітнай карткай фальклорнай практыкі на філалагічным факультэце БДУ. Кожны год у "круглым" стале і Фальклорным фэсце прымаюць удзел больш за палову студэнтаў-практыкантаў 1 курса. Цяпер у правядзенні круглага стала і фэсту задзейнічаны не толькі выкладчыкі фальклору кафедры (Р. М. Кавалёва, В. В. Прыемка, Т. А. Марозава, Т. В. Лук'янава, С. В. Шамякіна), але і літаратуразнаўцы (І. У. Ківель, П. П. Ткачова, С. І. Крылова).
У гэтым годзе ўжо па добрай традыцыі названыя мерапрыемствы прайшлі ў чарговы раз. 15 верасня адбылося пасяджэнне "круглага" стала, падчас якога працавала 3 секцыі (старшыні - к.ф.н., навуковы супрацоўнік вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Таццяна Валер'еўна Лук'янава, аспірант кафедры тэорыі літаратуры Ганна Жагала, супрацоўнік вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Вера Дзянісенка). У пастановах па выніках правядзення "кругалага" стала было прынята наступнае: 1) рэкамендаваць лепшыя выступленні студэнтаў да ўдзелу ў працы Х Шырмаўскіх чытанняў і ў студэнцкай навукова-даследчай канферэнцыі; 2) надрукаваць лепшыя выступленні ў зборніку навуковых артыкулаў "Фалькларыстычныя даследаванні: кантэкст, тыпалогія, сувязі".
17 верасня адбыўся Фальклорны фэст. У праграме былі задзейнічаны 35 студэнтаў. Прагучалі народныя беларускія песні "Рэчанька" і "Чаму ж мне не пець..." у выкананні Русланы Карахоевай і Ганны Небаўсенка з Фальклорны фэст. Прыпеўкі ў выкананні стдэнтак з "Беларускай філалогіі" "Беларускай філалогіі" і ўкраінская народная песня "Галя" ў выкананні студэнтаў са "Славянскай філалогіі"; японскія хоку, асабіста складзеныя на тэмы фальклорнай практыкі Жаннай Клімянок з "Беларускай філалогіі" і Мікалаем Краскоўскім з "Рускай філалогіі"; прыпеўкі праспявала група студэнтак з "Беларускай філалогіі"; традыцыйны танец выканалі студэнткі з "Рускай філалогіі". Усяго ў гэтым годзе было падрыхтавана 10 адметных нумароў.
20 верасня было праведзена пашыранае пасяджэнне навукова-метадычнага семінара "Праблемы фалькларыстыкі" (увогуле пасяджэнні семінара праводзяцца кожны чацвер на працягу навучальных семестраў на кафедры тэорыі літаратуры, аўд 69), на якім з навуковым дакладам "Семіётыка дома ў фальклоры" выступіла старшыня семінара кандыдат філалагічных навук, дацэнт Р. М. Кавалёва. У пасяджэнні прынялі ўдзел студэнты філфака, члены навукова-даследчай лабараторыі "Фалькларыстыка", студэнты гістарычнага факультэта БДУ, якія знаёмяцца са спецыяльным курсам "Этнафалькларыстыка", супрацоўнікі вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору і кабінета-музея беларускай народнай культуры філфака , выкладчыкі фальклору кафедры тэорыі літаратуры.
22 верасня адбылася сапраўдная падзея - прэзентацыя першага нумара электроннага фальклорна-этнаграфічнага і літаратурна-мастацкага альманаха "Дзьмухавец", які не мае аналагаў на беларускай філалагічнай прасторы. Дадзенае выданне арыентуе студэнтаў на паглыбленне сваіх ведаў па фальклору праз падрыхтоўку да напісання розных відаў навукова-творчых работ (эсэ, партфоліа, водгукаў і інш.), а таксама знаёміць з матэрыяламі фальклорнай практыкі (у рэтраспектыве і апошніх гадоў).
На старонках альманаха надрукаваліся маладыя паэты і паэткі, а таксама прадставілі сучасны погляд на казкатворчасць аўтары новатвораў у рубрыцы "Філалагічныя гульні" (адрас сайта www.almanah-dzmuhavec.narod.ru). На прэзентацыі выступілі натхняльнікі Р. М. Кавалёва (аўтар ідэі), В. В. Прыемка, Т. А. Марозава, творчая група (Настасся Баярскіх, Маргарыта Латышкевіч - студэнткі 5 курса спецыяльнасці "Беларуская філалогія", Эмiлiя Скарабагатая, Марына Вaрабей, Кацярына Бабiна, Раман Беразоўcкi, Iван Ясюк - студэнты 2 курса спецыяльнасці "Беларуская філалогія") і, канешне, вэб-дызайнер праекта, без якога "Дзьмухавец" не атрымаў бы свайго электроннага жыцця, - студэнтка 2 курса спецыяльнасці "Руская філалогія" Юлія Барадзіна. Павіншаваць удзельнікаў унікальнага праекта прыйшла спявачка народных беларускіх песень Алена, былая студэнтка БДАМ, а таксама з музычнымі віншаваннямі звярнуліся да прысутных студэнты 2 курса спецыяльнасці "Беларуская філалогія", члены творчай групы "Дзьмухаўца" Эмiлiя Скарабагатая, Марына Вaрабей, Кацярына Бабiна, Раман Беразоўcкi, Iван Ясюк.
Традыцыйным ужо стала правядзенне фалькларыстамі кафедры тэорыі літаратуры і вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору сяброўскіх сустрэч нашых студэнтаў-практыкантаў са студэнтамі-стажорамі ВНУ іншых краін пад назвай "Беларускі фальклор у кантэксце культур і спецыяльнасцей". У прыватнасці, ужо 3 гады запар да нас прыязджаюць студэнты з Польшчы і Чэхіі, якія вывучаюць беларускую мову. У гэтым жа годзе 24 верасня прайшла сяброўская сустрэча пад назвай "Беларускі фальклор і ўсходняя мудрасць" беларускіх студэнтаў з замежнымі кітайскімі і турэцкімі студэнтамі - членамі Клуба інтэрнацыянальнага сяброўства філалагічнага факультэта БДУ, якім кіруе старшы выкладчык кафедры тэорыі літаратуры С. І. Крылова. Прысутныя пазнаёміліся з кнігамі "Китайский календарь и славянские мифологические параллели" і "Слово мудрости восточной" і змаглі задаць пытанні іх аўтарам, доктару філалагічных навук, прафесару, загадчыку кафедры беларускай літаратуры і культуры Т. І. Шамякінай і аматару ўсходняй паэзіі У. С. Малярову.
Завяршыліся "Тры дэкады" 30 верасня прэзентацыяй 7 выпуску зборніка навуковых артыкулаў "Фалькларыстычныя даследаванні: кантэкст, тыпалогія, сувязі", выданне якога традыцыйна ажыццяўляюць прадстаўнiкi фалькларыстычнай навуковай школы БДУ, падтрыманыя калегамi з iншых ВНУ Беларусi i замежжа. Iх працы паказваюць, што ў навуцы, тым больш у фалькларыстыцы, якая мае справу з жывым, бясконцым творчым працэсам, вынiкi якога непрадказальныя, нiколi не бывае канчатковасцi, завершанасцi.
Прэзентацыя прайшла ў рэчышчы адказаў на пытанні: што зборнік дае студэнту? выкладчыку? факультэту? універсітэту? Адпаведна выступілі аўтары артыкулаў зборніка: студэнтка 5 курса спецыяльнасці "Беларуская філалогія" Настасся Баярскіх; дацэнт кафедры тэорыі літаратуры БДУ М. П. Кенька, супрацоўнік кабінета народнай музыкі БДАМ, кандыдат мастацтвазнаўства Л. Ф. Баранкевіч, дацэнт, загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ В. В. Калацэй; аўтар вокладкі, мастак Таццяна Юр'еўна Таран, якая працуе ў Рэдакцыйна-выдавецкім цэнтры БДУ, і таваравед кнігарні "Эўрыка" Ірына Георгіеўна Зубар, праз якую зборнік трапляе ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі і шэраг краін свету (Украіну, Расію, Польшчу, ЗША). Аб гісторыі выдання расказала прысутным навуковы рэдактар зборніка дацэнт Р. М. Кавалёва, аб геаграфіі і структуры зборніка - навуковы рэдактар дацэнт В. В. Прыемка, аб новых раздзелах - "Матэрыялы навукова-метадычнага семінара "Праблемы выкладання фальклору і этналогіі ў ВНУ і іншых навучальных установах" і "Матэрыялы да энцыклапедый і слоўнікаў" - дацэнт Т. А. Марозава. Увесь час на экране перад прысутнымі дэманстраваліся фотаздымкі вокладак зборніка, якія ілюстравалі гісторыю выдання "Фалькларыстычных даследаванняў".
Без сумнення, мерапрыемствы такога кшталту дапамагаюць вырашаць важныя дзяржаўныя задачы ў адпаведнасцi з рэспублiканскай праграмай «Моладзь Беларусi», Канцэпцыяй патрыятычнага выхавання моладзi ў РБ, згодна сiстэмнага падыходу да патрыятычнага выхавання моладзi i забяспечваць (у рамках Праграмы перспектыўнага развiцця БДУ) прафесiйнае станаўленне фiлолага як самастойнай асобы з творчым стылем мыслення i высокiм узроўнем навуковай, культурнай i iдэалагiчнай кампетэнцыi.
Вольга Прыемка,Таццяна Марозава,
Вольга Палукошка, Вера Дзянісенка
Фота Міхася Кенькі і Марыны Варабей


BY 
