29 красавіка 2026 г. студэнты 2 курса спецыяльнасці “беларуская філалогія” філалагічнага факультэта БДУ разам са старшым выкладчыкам кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства Верай Дзянісенка наведалі творчую сустрэчу з беларускай паэтэсай Таццянай Сівец. Мерапрыемства адбылося ў межах культурна-асветніцкага праекта «Літаратурны Алімп Беларусі» ў лерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Таццяна Сівец – беларуская паэтэса, журналістка, перакладчыца, драматург, дзіцячы пісьменнік, галоўны рэдактар газеты «Медыцынскі веснік», старшыня секцыі драматургіі Саюза пісьменнікаў Беларусі, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Азербайджана.
Падчас сустрэчы Таццяна Сівец паведаміла, што працуе ў розных відах літаратурнай творчасці: паэзіі, прозе, крытыцы, драматургіі і паэтычным перакладзе, і прачытала некалькі сваіх вершаў і ўрыўкаў з прозы. Асобна яна спынілася на перакладчыцкай дзейнасці і адзначыла, што рабіла пераклады на беларускую мову твораў паэтаў Азербайджана, Таджыкістана, Рэспублікі Комі, Кітая, В’етнама. Яе вершы, у сваю чаргу, перакладзены на азербайджанскую, англійскую, балгарскую, калмыцкую, рускую і іншыя мовы.
Адказваючы на пытанні прысутных, Таццяна Сівец паведаміла, чым натхняецца, калі піша, а таксама агучыла творчыя пошукі і планы. Напрыканцы сустрэчы аўтар падпісала свае кнігі і сфатаграфавалася са студэнтамі.
Жадаем Таццяне Сівец плёну ў творчасці!






BY

