Да літаратурнага аб’яднання “Альтанка” на філалагічным факультэце БДУ далучыліся новыя аўтары. Яны прыйшлі ў чытальную залу факультэцкай бібліятэкі 30 красавіка 2026 г. на сустрэчу з загадчыкам кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства дацэнтам Таццянай Марозавай і кіраўніком аб’яднання прафесарам Людмілай Сіньковай.
Гаворка ішла пра рост пісьменікаў на факультэце, традыцыю выдання калектыўных мастацкіх зборнікаў, якія з 1960-х гадоў раз за разам адкрываюць моладзі шляхі ў вялікую літаратуру. Некаторыя з гэтых зборнікаў за мінулыя гады можна было тут жа і пагартаць, дзякуючы гасціннасці супрацоўнікаў чытальнай залы.
Сваімі думкамі пра паэзію падзяліліся Ганна Прохарава (студэнтка 2 курса аддзялення беларускай філалогіі; яе вершы ўжо з’яўляліся ў рэспубліканскім друку), першакурсніцы Алеся Гамідава, Алёна Кацуба, Маргарыта Раўтовіч (са славянскай і беларускай філалогіі). Прагучалі вершы, у якіх пазначыліся шчырасць і сур’ёзнасць, адбіткі маладой энергіі, далікатнасць і прага дабрыні, звароты да важных тэм у народнай памяці. Арыгінальныя тэксты ўсіх студэнтак ужо выбраны ў новы выпуск альманаха “Альтанка”, за выданне якога адказвае аспірантка кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства Кацярына Крыцук-Тарасава.




BY

