7 мая 2026 года супрацоўнікі кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства БДУ дацэнты Таццяна Лук’янава, Ірына Шматкова і Славяна Шамякіна разам з загадчыкам кафедры дацэнтам Таццянай Марозавай наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Наведванне музея праводзілася ў рамках рэалізацыі плана ідэалагічнай работы з працоўным калектывам і прымеркавана да святкавання Дня Перамогі.
Экспазіцыі першых двух залаў акунаюць у атмасферу часу напярэдадні Другой сусветнай вайны, літаральна па кроках-гадах распавядаюць пра палітычныя падзеі і абставіны таго часу. Залы з трэцяга па шосты – яскравае сведчанне пра этапы, асобаў, баі ад пачатку вайны да яе завяршэння. Тагачасная тэхніка – самалёты, танкі, “самаходкі”, “кацюша”, а таксама вялікая колькасць зброі, савецкай і трафейнай, уражваюць колькасцю і разнастайнасцю. Вайна – гэта машына забойства, і яе атрыбуты жудасныя.
Вялікае ўражанне пакідаюць залы 6 і 7, прысвечаныя нацысцкаму акупацыйнаму рэжыму і партызанскаму і падпольнаму руху на Беларусі. Гэта сапраўдны летапіс генацыду нашага народа, яго выжывання і барацьбы, якая не заканчвалася ні на дзень, ні на хвіліну.
Немагчыма цяжка глядзець на карціны Міхаіла Савіцкага, кожная з якіх літаральна крычыць пра бесчалавечнасць рэжыму нацыстаў…
Асабліва звярнула на сябе ўвагу экспазіцыя, прысвечаная беларускім пісьменнікам і паэтам, якія словам і справай працавалі на перамогу (Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк, Міхась Лынькоў і інш.).
Залы 8–10 прысвечаны вызваленню Беларусі і гісторыі захавання памяці пра вайну ў нашай краіне. Заканчваецца экскурсія па музеі наведваннем Залы Перамогі – самай светлай, самай прасторнай, самай ўрачыстай, з вялізным шкляным купалам-дахам, які акунае ў бясконцае блакітнае мірнае неба. Гэта самая высокая кропка музея, якая сімвалізуе значнасць гэтай святой падзеі для кожнага грамадзяніна нашай краіны. Менавіта тут найбольш востра адчуваеш, як важна помніць пра ваеннае ліхалецце і берагчы мір!










BY

