Сэрвісы

Дзень беларускай мовы і культуры ў Тамбоўскім дзяржаўным універсітэце імя Г.Р.Дзяржавіна

Дзень беларускай мовы і культуры ў Тамбоўскім дзяржаўным універсітэце імя Г.Р.Дзяржавіна

20–21 мая 2026 г. загадчык кафедры беларускага мовазнаўства дацэнт Н.У.Чарнаброўкіна і дацэнт гэтай жа кафедры М.І.Свістунова па запрашэнні факультэта гісторыі, паліталогіі і філалогіі Тамбоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Г.Р.Дзяржавіна прынялі ўдзел у правядзенні Дзён славянскага пісьменства і культуры.

У рамках гэтага мерапрыемства 20 мая яны сталі ўдзельнікамі XVII Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Рускі свет: духоўныя традыцыі і славеснасць», прысвечанай Году адзінства народаў Расіі. Адкрыццю канферэнцыі папярэднічаў малебен, які правёў мітрапаліт Тамбоўскі і Расказаўскі Феадосій.

21 мая прайшоў Дзень беларускай мовы і культуры. Дэкан філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Алена Палуян і заснавальнік кафэ «Арт-ветка» Пётр Цалко прэзентавалі фільм пра неглюбскі жаночы касцюм. Н.У.Чарнаброўкіна выступіла з прэзентацыяй «Дзве сястры – Беларусь і Расія», у якой распавяла пра гісторыю і сучаснасць Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і філалагічнага факультэта, а таксама папулярна – пра беларускую мову, літаратуру і культуру, прадэкламавала некалькі вершаў. М.І.Свістунова правяла для студэнтаў-філолагаў майстар-клас па беларускай мове «І ўсё мілагучна для слыху майго: і звонкае “дзе”, і густое “чаго”...». Яго ўдзельнікі навучыліся вымаўляць спецыфічныя беларускія гукі, даведаліся пра асаблівасці беларускай лексікі і граматыкі і нават паспрабавалі самастойна перакласці выказванне з міжмоўнымі амонімамі. Выступленні прайшлі вельмі жыва і выклікалі ў маладых людзей шчырую цікавасць, а самыя актыўныя атрымалі на памяць сувеніры з Беларусі.

Завяршылі святкаванне Дзён славянскага пісьменства і культуры інтэрактыўныя пляцоўкі і канцэрт, падрыхтаваны сіламі навучэнцаў ТГУ імя Г.Р.Дзяржавіна і моладзевых творчых калектываў г.Тамбова. Нумары, якія прадстаўлялі рускую нацыянальную культуру, дапоўнілі беларуская «Лявоніха», вершы і песня на беларускай мове і ў перакладзе на рускую. Акрамя гэтага прайшло дэфіле дзвюх пар у рускім і беларускім нацыянальных касцюмах.

На працягу двух дзён у сценах Тамбоўскага універсітэта імя Г.Р.Дзяржавіна прайшоў сапраўдны навуковы і моладзевы форум, закліканы аб'яднаць усіх, зацікаўленых у вывучэнні рускай культуры і славеснасці. І арганізатары, і беларускія ўдзельнікі выказалі аднолькавыя пажаданні – аб працягу і развіцці супрацоўніцтва паміж нашымі ўніверсітэтамі.

ph270520261972938928182.jpg

ph2705202619298378172.jpg

ph270520261872939839183.jpg

ph270520261782939818373.jpg

ph27052026162789876567.jpg

ph27052026178299277128.jpg

ph27052026197293980182.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image