У эпоху сацыяльных сетак і штучнага інтэлекту інтарэс моладзі да слова не згасае. Веданне моў – шлях да паспяховай кар’еры. Пацвярджэннем гэтаму стаў лінгвістычны конкурс «Вобразная, вольная, пявучая, мова беларуская мая!», які прайшоў 15 мая 2026 г. у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Яго арганізатарамі сталі супрацоўнікі кафедры беларускага мовазнаўства (загадчык кафедры – Наталля Уладзіміраўна Чарнаброўкіна) і кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры (загадчык кафедры – Андрэй Аляксандравіч Акушэвіч) філалагічнага факультэта БДУ. Асаблівасць конкурсу ў тым, што праводзіўся ён у анлайн-фармаце і быў разлічаны на навучэнцаў нефілалагічных спецыяльнасцей. У ім прынялі ўдзел студэнты розных факультэтаў – усяго каля двухсот чалавек. І гуманітарыі, і прадстаўнікі прыродазнаўчых спецыяльнасцей праявілі сябе як выдатныя знаўцы роднай мовы і даказалі, што віртуозна валодаць словам могуць прадстаўнікі розных прафесій.
Абсалютным пераможцам конкурсу стала студэнтка трэцяга курса факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Бальшакова Ганна.
Таксама ўладальнікамі дыпломаў сталі студэнткі біялагічнага факультэта Семяненка Вера, Якута Анастасія, Случко Вікторыя, Шаблыка Вікторыя, Іванкова Аліна, Раманчык Ксенія, студэнт факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій Гульцоў Леанід, студэнткі юрыдычнага факультэта Трафімава Юлія і Курловіч Паліна, студэнтка факультэта міжнародных адносін Магер Ганна-Марыя.
Удзел студэнтаў розных спецыяльнасцей у лінгвістычных конкурсах можа стаць добрай традыцыяй.


BY

