Сэрвісы

Сустрэча з прафесарам Любоўю Ляўшун – аўтарам кнігі пра Ефрасінню Полацкую

Сустрэча з прафесарам Любоўю Ляўшун –  аўтарам кнігі пра Ефрасінню Полацкую

18 лістапада 2026 года кафедра тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БДУ арганізавала сустрэчу з вядомым літаратуразнаўцам, доктарам філалагічных навук, прафесарам Любоўю Ляўшун. Мерапрыемства было прысвечана Году беларускай жанчыны. У ім ўзялі ўдзел загадчык кафедры дацэнт Таццяна Марозава, дацэнты кафедры Вольга Прыемка і Ларыса Гедзімін, студэнты 3 курса спецыяльнасцей “руская філалогія”, “славянская філалогія” (польская), 4 курса спецыяльнасці “рамана-германская філалогія” (французкая, італьянская).

Любоў Ляўшун – даследчыца ўсходнеславянскай медыявістыкі, аўтар шэрагу навуковых прац, прысвечаных гісторыі старажытнай беларускай кніжнасці і культуры. Яе кніга «Ефрасіння Полацкая: імя ў гісторыі» (2022) прапануе навуковую інтэрпрэтацыю жыцця і дзейнасці беларускай асветніцы, імкнучыся адказаць на пытанні, якія застаюцца па-за межамі традыцыйнага жыційнага апавядання.

Падчас сустрэчы Любоў Ляўшун прадставіла сваё бачанне асобы Ефрасінні Полацкай, заснаванае на аналізе гістарычных крыніц і жыційных тэкстаў. Яна звярнула ўвагу на неадназначныя і маладаследаваныя аспекты біяграфіі асветніцы: абставіны яе нараджэння, сэнс цуду пры пострыгу, характар дзейнасці ў Сафійскім саборы і ў Сяльцы, а таксама храналогію паломніцтва ў Іерусалім. Такі падыход дазволіў па-новаму зірнуць на знакамітую постаць.

Асобнае месца ў размове заняў расповед Любові Ляўшун пра сябе. Яна падзялілася гісторыяй уласнага шляху ў навуцы – ад вывучэння тэорыі літаратуры і старажытнай кніжнасці да паглыблення ў медыявістыку, што дазволіла ёй падысці да постаці Ефрасінні Полацкай не толькі як да рэлігійнага сімвала, але і як да гістарычнай асобы з уласнымі інтэнцыямі і складаным лёсам.

Сустрэча падкрэсліла важнасць жаночага голасу ў навуцы і культуры. Зварот да постаці Ефрасінні Полацкай – першай вядомай беларускай асветніцы і апякункі зямлі беларускай  – у Год беларускай жанчыны набывае асаблівае гучанне: гэта нагода пагаварыць пра тое, як жанчына ў XII стагоддзі здолела стаць цэнтрам духоўнага і культурнага жыцця, і пра тое, як сучасныя даследчыцы працягваюць адкрываць і пераасэнсоўваць гэтыя сюжэты.

Кафедра тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства выказвае падзяку прафесару Любові Ляўшун за змястоўнае выступленне і спадзяецца на працяг супрацоўніцтва.

ph2011202619287391273.jpg

ph20112026182738120389.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image