21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Натуральна, што для філалагічнага факультэта гэта свята мае асаблівае значэнне. Штогод на нашым факультэце ладзіцца шэраг мерапрыемстваў, і адбываюцца яны не адзін дзень, а на працягу цэлага тыдня!
Адкрыла Тыдзень беларускай мовы акцыя «Ад слова вырастаюць крылы…», якая прайшла 19 лютага ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. У літаратурна-музычнай імпрэзе прынялі ўдзел студэнты нашага факультэта 1–5 курсаў. Праз песні і вершы яны распавялі курсантам акадэміі і іх выкладчыкам пра сваю любоў да роднай мовы і Бацькаўшчыны.Завяршэнне канцэрта кранула і гледачоў, і ўдзельнікаў: падчас выканання фінальнай песні на словы У. Караткевіча “На Беларусі Бог жыве...”, калі яшчэ раз прагучалі віншаванні з Міжнародным днём роднай мовы, а таксама надыходзячым Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, на сцэну падняліся курсанты акадэміі, каб уручыць нашым дзяўчатам прыгожыя ружы і запрасіць працягнуць святкаванне за кубкам гарбаты.
Выкладчыкі і навучэнцы БДАА правялі для нашых студэнтаў экскурсію па тэрыторыі акадэміі, паказалі сучасна ўладкаваныя навучальныя класы, дазволілі зацікаўленым юнакам і дзяўчатам пабываць у кабінах верталётаў і нават пакіраваць «паветранай птушкай» з дапамогай сучаснага трэнажора, які выкарыстоўваюць курсанты для паляпшэння сваіх прафесійных навыкаў.
Адкрыццё Тыдня беларускай мовы непасрэдна на фiлалагiчным факультэце адбылося 22 лютага. Студэнты і госці мерапрыемства прадставілі гледачам літаратурна-музычную кампазіцыю «Слова роднае – вечнасці след...». Распачало свята выступленне фальклорнага калектыву «Мілавіца» Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Мінска “Ветразь” пад кіраўніцтвам Марыі Снітко.
Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта акадэмік С. У. Абламейка адзначыў, што ў год культуры вельмі важна акцэнтаваць увагу на папулярызацыі роднай мовы, бо «мова – галоўны сродак развіцця культуры». Гэту ідэю падтрымаў і дэкан факультэта прафесар І. С. Роўда, патлумачыўшы, што культура не можа развівацца без мовы і літаратуры. Перад студэнтамi выступiлi таксама доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры тэорыі літаратуры В. П. Рагойша, старшыня Міжнароднага камітэта славістаў, прафесар, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А. А. Лукашанец; галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”, Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза журналістаў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі У. С. Ліпскі. Студэнты чыталі вершы і спявалі песні на словы любімых паэтаў. Не забыліся і пра родныя мовы замежных студэнтаў і стажораў. Гледачы мелі магчымасць пачуць вершы на рускай, туркменскай, славацкай, турэцкай і кітайскай мовах. Завяршыла мерапрыемства выступленне фальклорна-этнаграфiчны гурту фiлалагiчнага факультэта «Багач» .
23 лютага 13 камандаў са студэнтаў і выкладчыкаў нашага факультэта прынялі ўдзел у Беларускай інтэлектуальнай гульні. Мерапрыемства было арганізавана выпускніцай кафедры беларускай літаратуры і культуры Алесяй Гурскай-Таболіч і аспіранткай кафедры беларускай літаратуры і культуры, членам Савета маладых вучоных Ірынай Часнок. «БІГ» – сапраўдная гульня для душы, дзе кожны можа як адпачыць, так і добра “паварушыць мазгамі”. І ў гэтым кожны з удзельнікаў меў магчымасць пераканацца сам.
Гульня складалася з 8-мі розных тураў, кожны з якіх утрымліваў па 5 пытанняў, і апошняга – дзявятага, так званага «Бліц-апытання». За 30 секунд каманды павінны былі даць правільныя адказы на абсалютна розныя, часам неардынарныя і непрадказальныя пытанні. Па выніках чатырох тураў у лідарах аказалася каманда «Трое ў лодцы», крыху ніжэй у зводнай табліцы – каманда «Дзед». Падчас перапынку перад удзельнікамі выступіла прадстаўніца Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Яна расказала пра самыя актуальныя п’есы, запрасіла ўсіх ў хуткім часе наведаць тэатр. Акрамя таго, свае вершы перад нашымі камандамі прадставіў вядомы беларускі паэт Віктар Жыбуль. У выніку 1-ае месца і білеты ад Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі атрымала каманда «Дзед»; 2-ое месца заняла каманда «Кату пад пяту», а 3-яе – «Мова ў мундзіры».
У гэты ж дзень філфакаўцы мелі магчымасць пазнаёміцца з такой цікавай навуковай галіной, як этнаастраномія. У рамках «Тыдня беларускай мовы» 23 лютага прайшоў «Дзень беларускай філалогіі», і тэмай сустрэчы быў «забыты космас беларусаў». З прэзентацыяй сваёй кнігі «Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія» выступіў Цімафей Авілін, супрацоўнік НАН Беларусі, ДНУ Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, спецыяліст у сферы этнаастрономіі. Па адукацыі фізік-ядзершчык, на сваім неверагодным энтузіязме, карпатліва збіраючы патрэбную інфармацыю, гэты малады чалавек адкрыў для беларусаў іх ўласнае зорнае неба, ужо забытае ў сажы і мітусні гарадоў. Больш за дзесяць гадоў ён збіраў інфармацыю ў сельскіх мясцовасцях ад носьбітаў этнакультурнай традыцыі, пра што сведчыць мноства карт, уключаных у кнігу, якую кожны з прысутных на сустрэчы змог патрымаць у руках і пагартаць. Як аказалася, далёка не ва ўсіх абласцях нашай краіны сузор’імелі аднолькавыя назвы. І хто ж ведаў, што сузор’е Арыёна – гэта дзяўчына з каромыслам? Спадар Цімафей таксама адзначыў, што мэтай яго даследавання была «чыстая» інфармацыя, без прымесяўацэнкі і навуковай дыскусіі. «Я збіраю інфармацыю, даю яе вам, і толькі вы вырашаеце, што з ёй рабіць», – растлумачыў ён у завяршэнне мерапрыемства.
У сераду, 24 лютага, прайшла інтэлектуальна-пазнавальная гульня «Філалогія і Я». Удзел у ёй прынялі студэнты першага курса беларускай, рускай і славянскай філалогіі, а таксама студэнткі 2 і 4 курсаў у якасці членаў журы. Кожная з груп пачала сваё выступленне з прэзентацыі аб’явы на гульню ў выглядзе плакатаў. У вітальным блоку ўдзельнікі павінны былі прадставіць сваю групу ў стылі КВЗ на тэму «Мы – студэнты філфака». Група рускай філалогіі пазнаёміла нас з сарамлівым хлопчыкам. Тое, пра што марыць студэнт-філолаг, мы адкрылі для сябе з групай беларускага аддзялення. А славянская філалогія здзівіла нас рэпам на роднай мове. Не абышлося і без паэтычнага конкурсу. Прадстаўнік кожнай каманды чытаў вершы, прасякнутыя духам беларускай мовы і эмоцыямі аўтара.
Найбольш працяглым быў інтэлектуальны конкурс, які складаўся з некалькіх этапаў. Удзельнікі актыўна расшыфроўвалі загадкі, з двух слоў збіралі трэцяе, даведаліся, што такое лагагрыфы, і спрабавалі іх разгадаць, вырашалі лінгвістычныя задачы – і гэта зусім не поўны спіс заданняў, якія былі прапанаваны ўдзельнікам. Усе студэнтывыявілідобрую рэакцыю і веды, а таксама вынаходлівасць у складаных сітуацыях, за што атрымалі заслужаныя балы. Не варта забываць і пра конкурс фразеалагізмаў, дзе студэнты дапаўнялі ўстойлівыя выразы, ведаючы толькі іх пачатак. Фінальная частка конкурсу была вельмі душэўнай: каманды ўклалі новы сэнс у вядомыя песні, падкрэсліваючы любоў да беларускай мовы. У кожнай песні павінна было быць не менш за 10 лінгвістычных тэрмінаў, з чым удзельнікі выдатнасправіліся. Пераможцам была аб’яўлена група беларускай філалогіі.
Лекцыя «Сучасная беларуская мова ў пачатку дваццаць першага стагоддзя: праблемы беларускамоўнай кампетэнцыі і беларускамоўнай адукацыі»прайшла 25 лютага. Доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А. А. Лукашанец распавёў, чаму людзі беларускага грамадства выракаюцца сваёй роднай мовы і як гэтага пазбегнуць. Прафесар адзначыў, што існуе вялікая супярэчнасць паміж заканадаўчым статусам роднай мовы і яе рэальным ужываннем. Аляксандр Аляксандравіч заўважыў, што сам ён нарадзіўся ў вёсцы, наведваў вясковую беларускамоўную школу, а таму непарыўная сувязь з роднай мовай для яго натуральная. «Нярэдка, – сказаў прафесар, – людзі маюць завышаныя патрабаванні да культуры ўласнага маўлення, маўляў, лепш зусім не буду размаўляць па-беларуску, чым размаўляць з памылкамі. Але як жа магчыма навучыцца чамусьці без практыкі? Тут ідзе пытанне пра так званую пасіўную самасвядомасць альбо пра банальную ляноту, якой, канешне, трэба пазбаўляцца». Напрыканцы лекцыі Аляксандр Аляксандравіч выказаў спадзяванне, што сітуацыя двухмоўя ў нашай дзяржаве зменіцца на карысць беларускай мовы, якая даўно ўжо «выспела» для таго, каб абслугоўваць усе сферы грамадства.
26 лютага на філалагічным факультэце прайшло заключнае мерапрыемства Тыдня беларускай мовы 2016 – Дзень беларускага перакладу. Адбылася сустрэча з Міхасём Паўлавічам Кенькам, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта; літаратуразнаўцам, перакладчыкам, экспертам па праблемах сучаснай беларускай літаратуры, параўнальнага літаратуразнаўства, тэорыі мастацкага перакладу; журналістам, сябрам Саюза журналістаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ці проста «лепшым фатографам сярод перакладчыкаў і лепшым перакладчыкам сярод фатографаў», як з гумарам назваў сябе сам госць. Мерапрыемства пачалося са сцэнічнай замалёўкі-дыялога Стэфаніі Градзеньскай «Шаша і супругі», перакладзенай Міхасём Паўлавічам. Выступленне Міхася Паўлавіча падзялілася на дзве часткі, кожная з якіх пазнаёміла гледачоў з рознымі бакамі шматграннай асобы госця.
Першая частка была прысвечана яго перакладчыцкай дзейнасці. «Пераклад для мяне адначасова і хобі, і спецыяльнасць, і праца”, – з усмешкай расказаў спадар Кенька. Ён пазнаёміў нас з тонкасцямі перакладу, расказаў пра цяжкасці і радасці прафесіі перакладчыка, пра ўласныя няўдачы і перамогі. Другая частка выступлення Міхася Паўлавіча Кенькі была прысвечана яго дзейнасці як фатографа. На прэзентацыі, якая суправаджала аповяд, можна было ўбачыць «жывыя» эмоцыі людзей, і гэта нікога ў зале не пакінула раўнадушным. «Фотаапарат часта дапамагаў мне на працы», – расказаў галоўны герой сустрэчы. Сапраўды, фатаграфаваў ён і У. Караткевіча, і А. Куляшова, і Я. Янішчыц, і многіх іншых пісьменнікаў. Гэтыя фотавыявы зараз можна ўбачыць у іх кнігах. Цікавыя мерапрыемствы, на жаль, заўсёды праходзяць хутка. Сустрэча з Міхасём Паўлавічам Кенькам атрымалася шчырым, душэўным аповедам пра жыццё, працу, вандроўкі і прыгоды перакладчыка-фатографа, Чалавека з вялікай літары.
На гэтай пазітыўнай ноце і завяршыўся Тыдзень беларускай мовы на філалагічным факультэце. Не выракайцеся роднай мовы, любіце яе, размаўляйце на ёй. І тады вы зможаце лічыць сябе сапраўдным беларусам!
{gallery}2016-03-10_1{/gallery}


BY

