4 снежня 2023 года на філалагічным факультэце БДУ быў арганізаваны дыскусійны круглы стол на тэму «Экалогіка як будучыня Рэспублікі Беларусь» (па праграме дэбатаў Карла Попера), у якім прынялі ўдзел студэнты 1 курса спецыяльнасці «Руская філалогія». Ініцыятарамі гэтага мерапрыемства выступілі кафедра тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства і вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору.
Дэбаты Карла Попера ўзніклі як праграма, якая развівае ўменні разважаць і крытычна меркаваць. Праграма распрацавала свой стыль, блізкі да стылю палітычных дэбатаў, дзе студэнты вучацца абмяркоўваць і аналізаваць праблемы з розных пунктаў гледжання, прапаноўваць магчымыя шляхі (стратэгіі) іх вырашэння. Гэты тып дэбатаў прызначаны для развіцця працы ў камандах, каб студэнты працавалі разам як над падрыхтоўкай да дэбатаў, так і на саміх дэбатах.
Студэнты групы былі падзеленыя на дзве каманды: 1 каманда – «Сучаснае кнігавыданне», 2 каманда – «Пластык у сучаснай рэальнасці». Тэматычныя блокі карэлявалі з актуальнымі праблемамі ў галіне экалогіі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
На мерапрыемстве прысутнічалі загадчык кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства Таццяна Марозава, загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Вера Дзенісенка, старшы выкладчык Святлана Крылова, спецыялісты па забеспячэнні навучальнага працэсу Кацярына Батура і Анастасія Сцельмашук, якія падзяліліся сваімі ўражаннямі аб дэбатах, адзначыўшы высокі ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў.
Вынік правядзення дыскусійнага круглага стала – пераасэнсаванне новых тэндэнцый і падыходаў у галіне экалагічнай культуры, а таксама ўкараненне ў навучальны працэс праграмы дэбатаў Карла Попера як сродка развіцця культуры мовы ў студэнтаў.



BY

