Заснавальнік літаратуразнаўчай культурна-гістарычнай школы БДУ – Іван Іванавіч Замоцін (1873 – 1942), загадчык кафедры беларускай літаратуры і этналогіі БДУ (1922 – 1929), акадэмік АН Беларусі (1928), член-карэспандэнт АН СССР (1929), доктар філалагічных навук (1934).
Ля вытокаў гэтай школы і ў цэлым навуковага напрамку ў беларускай літаратуразнаўчай навуцы таксама стаялі вядомыя даследчыкі прафесары Я. І. Барычэўскі, А. М. Вазнясенскі, М. М. Піятуховіч, М. А. Янчук, асістэнт А. А. Бабарэка.
Год стварэння навуковай супольнасці – 1922.
Значная роля і заслуга ў развіцці ідэй літаратуразнаўчай культурна-гістарычнай школы належыць яе выдатнаму кіраўніку, знакамітаму вучонаму Міхасю Рыгоравічу Ларчанку (1907 – 1981). М. Р. Ларчанка – доктар філалагічных навук (1956), прафесар (1957), заслужаны дзеяч навукі БССР (1977), загадчык кафедры беларускай літаратуры (1955 – 1971) і адначасова дэкан (1955 – 1965) філалагічнага факультэта БДУ. Вялікі асабісты ўклад у развіццё тэарэтыка-метадалагічных і канцэптуальных асноў культурна-гістарычнай школы БДУ ў другой палове ХХ ст. і на сучасным этапе зрабіў Алег Антонавіч Лойка (1931 – 2008). А. А. Лойка – доктар філалагічных навук (1969), прафесар (1971), член-карэспандэнт НАН Беларусі (1989), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1990), загадчык кафедры беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ (1985 – 1994), загадчык кафедры беларускай літаратуры ХХ ст. (1994 – 1999) філалагічнага факультэта БДУ, дэкан філалагічнага факультэта БДУ (1991 – 1996).
Вядомымі прадстаўнікамі культурна-гістарычнай школы таксама з’яўляюцца А. М. Адамовіч, І. Я. Навуменка, С. Х. Александровіч, Н. С. Гілевіч, Д. Я. Бугаёў, В. П. Рагойша, Т. І. Шамякіна і інш.
У пачатку XXI ст. вучоныя БДУ прадоўжылі плённую рэалізацыю ідэй і канцэптуальных падыходаў, закладзеных у працах заснавальнікаў літаратуразнаўчай культурна-гістарычнай школы.
Асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў, якія праводзяцца ў рамках навуковай супольнасці: гісторыя беларускай літаратуры ХІ – XXI стст., медыявістыка, кампаратывістыка, герменеўтыка, семіётыка ў літаратуразнаўстве, гісторыя літаратурнай крытыкі.
Падрабязней тут


BY

