Сэрвісы

Юбілей кафедры беларускай літаратуры і культуры

16 снежня адбылося мерапрыемства, прысвечанае 10-годдзю кафедры беларускай літаратуры і культуры. На ім выступілі намеснік дэкана, дацэнт П.І. Навойчык, загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры прафесар Т.І. Шамякіна, прафесары Л.Д. Сінькова і І.В. Казакова, дацэнты У.А. Навумовіч, А.Л. Верабей, П.І. Навуменка, старшы выкладчык Т.В. Бельская. Здаецца, юбілей невялікі. На самай справе кафедра пад іншымі назвамі працавала не адзін дзясятак гадоў, фактычна яна адна са старэйшых ва ўніверсітэце. Як вядома, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт быў адкрыты ў 1921 г. і ў ім у 1922 г. было створана літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта. Выдатныя дзеячы культуры, сярод якіх пісьменнік і навуковец К.М. Міцкевіч (Якуб Колас), акадэмік Акадэміі навук БССР І.І. Замоцін, прафесары Я.І. Барычэўскі, А.М. Вазнясенскі, М.М. Піятуховіч, асістэнт А.А. Бабарэка (ён жа вядомы крытык), бралі ўдзел у падрыхтоўцы курсаў па гісторыі беларускай літаратуры. Тады кафедра мела блізкую да цяперашняй назву – беларускай культуры і этнаграфіі. Першым яе загадчыкам быў даследчык-філолаг І.І. Замоцін.

У 1931 г., калі быў створаны Вышэйшы педагагічны інстытут, падрыхтоўка філолагаў перамясцілася туды, аднак у 1939 г. у БДУ таксама адкрылі філалагічны факультэт з двума аддзяленнямі – беларускай  мовы і літаратуры і рускай мовы і літаратуры. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Мінск аказаўся акупаваны захопнікамі і ўніверсітэт прыпыніў сваю дзейнасць.

Яскравая старонка ў жыцці БДУ і яго філалагічнага факультэта – адраджэнне падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэта адбылося ў 1943 г. на станцыі Сходня пад Масквой. Дэмабілізаваны пасля ранення франтавік, кандыдат філалагічных навук М.Р. Ларчанка ўзначаліў філалагічны факультэт і кафедру беларускай мовы і літаратуры. Самастойнай навукова-педагагічнай адзінкай кафедра беларускай літаратуры стала ў 1956 г. Яе загадчыкам застаўся М.Р. Ларчанка. З таго часу на кафедры працавалі выдатнейшыя пісьменнікі і навукоўцы: С.Х. Александровіч, М.Р. Ларчанка, І.Я. Навуменка, Н.С. Гілевіч, А.А. Лойка, В.В. Казлова, К.Р. Хромчанка, Л.А. Царанкоў, М.Б. Яфімава. Літаральна сузор’е імёнаў вядомых выкладчыкаў і даследчыкаў, кожны з якіх унёс свой вялікі ўклад у развіццё беларускай гуманітарнай навукі і літаратуры.

Прафесар М.Р. Ларчанка ў 1971 г. перадаў кіраўніцтва кафедрай свайму вучню – прафесару і ўжо вядомаму пісьменніку І.Я. Навуменку, які пазней стаў дырэктарам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі, акадэмікам, віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук.

У 1972 – 1985 гг. кафедрай кіравала дацэнт В.В. Казлова, таксама вучаніца М.Р. Ларчанкі, якая пачынала вучыцца ў БДУ яшчэ на станцыі Сходня. Амаль увесь гэты перыяд па выніках сацыялістычнага спаборніцтва кафедра займала першае месца ва ўніверсітэце.

Загадчыкам кафедры беларускай літаратуры ў 1985 г. стаў доктар філалагічных навук, прафесар, вядомы паэт, празаік, перакладчык А.А. Лойка. У той час кафедра значна вырасла колькасна. На ёй працавалі больш за дваццаць чалавек, у тым ліку маладыя выкладчыкі. Чыталіся курсы не толькі па гісторыі беларускай літаратуры, але і па тэорыі літаратуры, фалькларыстыцы, тэорыі і гісторыі сусветнай культуры, эстэтыцы.

Па ініцыятыве загадчыка кафедры і ўжо дэкана факультэта А.А. Лойкі ў 1994 г. кафедра раздзялілася на некалькі новых навукова-педагагічных адзінак: узніклі кафедры гісторыі беларускай літаратуры, тэорыі літаратуры, славянскіх літаратур. Кафедра беларускай літаратуры  – галаўная  – пачала называцца кафедрай беларускай літаратуры ХХ ст. 

У 2000 г. кафедру ўзначаліла малады доктар навук, прафесар Л.Д. Сінькова, вучаніца А.А. Лойкі, дачка вядомага крытыка Д.Я. Бугаёва. Выкладаліся наступныя дысцыпліны: сучасная літаратура Беларусі, беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст., гісторыя беларускай крытыкі. Курсы чыталіся як на аддзяленні беларускай філалогіі, так і на іншых аддзяленнях філалагічнага факультэта, а іх адкрылі яшчэ некалькі – славянскіх моў, рамана-германскіх моў, класічных моў, усходніх моў. На кожным з аддзяленняў спецыфіка выкладання роднай літаратуры была адметная. Кафедра беларускай літаратуры ХХ ст. заставалася цэнтрам вывучэння беларускай літаратуры і навукова-метадычным цэнтрам выкладання беларускай літаратуры ва ўстановах вышэйшай адукацыі рэспублікі. Вучоныя кафедры ўнеслі значны ўклад у навуку пра літаратуру, а таксама шмат зрабілі для развіцця літаратурна-філалагічнай адукацыі ў рэспубліцы. У гэты перыяд асабліва актыўна раслі маладыя навуковыя кадры, у аспірантуры займаліся лепшыя студэнты, якія праявілі сябе ў навуковай дзейнасці. На кафедры былі абаронены дзясяткі дысертацый.

У выніку рэарганізацыі факультэта ў 2004 г. была ліквідавана кафедра беларускай лінгвістыкі і міфалогіі. Некаторыя яе выкладчыкі (І.В. Казакова, У.А. Навумовіч, Т.І. Шамякіна) сталі працаваць на кафедры беларускай літаратуры і культуры, якая была створана на базе кафедры беларускай літаратуры ХХ ст. Узначаліла яе прафесар Т.І. Шамякіна, якая яшчэ ў 1974 г. закончыла аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры і амаль 20 гадоў працавала на гэтай кафедры, трывала засвоіўшы яе традыцыі.

На сённяшні дзень на кафедры беларускай літаратуры і культуры працуюць дактары навук, прафесары І.В. Казакова, Л.Д. Сінькова, Т.І. Шамякіна, кандыдаты навук, дацэнты Л.В. Алейнік, А.Л. Верабей, П.І. Навуменка, У.А. Навумовіч, старшыя выкладчыкі Т.В. Бельская, Л.У. Карпава, Г.М. Мятліцкая, з якіх апошняя – кандыдат навук. Выкладчыкі кафедры плённа працягваюць традыцыі сваіх папярэднікаў – выдатных майстроў слова і навукоўцаў, сапраўднай эліты беларускага грамадства.

У сувязі з патрабаваннямі новай эпохі за дзесяцігоддзе некалькі змяніліся прыярытэты і ўстаноўкі кафедры, напрамак яе функцыянавання. Цяпер галоўны прынцып дзейнасці – вывучэнне беларускай літаратуры ХХ – ХХІ стст. у кантэксце сусветнай культуры. Таму асаблівая ўвага надаецца кампаратывістыцы. Так, прафесар Л.Д. Сінькова, дацэнты А.Л. Верабей і П.І. Навуменка актыўна даследуюць тыпалагічныя сувязі беларускай літаратуры з рускай, украінскай, польскай, нямецкай літаратурамі. Іх настаўнікі, старэйшыя навукоўцы, на кафедры толькі закладвалі асновы гэтага навуковага напрамку, які сёння атрымаў шырыню погляду і глыбіню доследу. Падтрымліваюцца актыўныя сувязі з іншымі ўніверсітэтамі свету, у прыватнасці найбольш цесныя – з Альдэнбургскім універсітэтам (Германія).

На кафедры вывучаюцца класічныя дысцыпліны, без якіх сёння літаратуру не зразумець і якія значна ўзбагачаюць яе дослед (славянская міфалогія, фалькларыстыка, гісторыі культуры Беларусі і Расіі, гісторыя і тэорыя сусветнай культуры), а таксама дысцыпліны прыкладнога характару, якія дазваляюць рыхтаваць высокакваліфікаваных рэдактараў і выдавецкіх работнікаў (псіхалогія літаратурнай творчасці, асновы літаратурна-мастацкай дзейнасці, літаратурнае рэдагаванне, універсітэтазнаўства). Працуе восем навуковых семінараў для студэнтаў, чытаюцца шматлікія спецкурсы, якія закранаюць самыя розныя аспекты літаратуразнаўства. Рыхтуюцца магістранты і аспіранты, хоць і не ў такой колькасці, як у савецкі час і ў 1990-х – пачатку 2000-х гг., што абумоўлена не суб’ектыўнымі, а выключна аб’ектыўнымі прычынамі.

Сярод структурных падраздзяленняў факультэта кафедра беларускай літаратуры і культуры вылучаецца найбольшай колькасцю навуковых і мастацкіх публікацый. Напрыклад, у загадчыка кафедры Т.І.Шамякінай іх больш за 400.

На кафедры створана ўнікальная навуковая школа – не проста даследаванне міфалогіі (выкладчыкі кафедры з’яўляюцца наватарамі ў рэстаўрацыі пантэона славянскіх багоў і асаблівасцей міфалагічнага мыслення продкаў беларусаў), а вывучэнне міфапаэтыкі беларускай літаратуры, чым у Беларусі на той час ніхто не займаўся. Стваральнікі школы – прафесар Т.І. Шамякіна і яе вучні (доктар філалагічных навук, прафесар І.В. Казакова і кандыдат філалагічных навук, старшы выкладчык Г.М. Мятліцкая). Іх кнігі і іншыя навуковыя публікацыі карыстаюцца велізарным попытам у рэспубліцы і далёка за яе межамі.

У кожнага з супрацоўнікаў кафедры свой напрамак творчай дзейнасці. Так, дацэнт А.Л. Верабей – лепшы даследчык творчасці Уладзіміра Караткевіча як у Беларусі, так і ў Еўропе. Ён жа каардынатар і галоўны рэдактар выключна важнага для рэспублікі праекта – выдання 25-томнага Збору твораў У. Караткевіча (у ім бярэ ўдзел і прафесар Т.І. Шамякіна). Выйшла ўжо сем тамоў папулярнага пісьменніка. Гэта першы такі буйны праект, ініцыятарам і выканаўцам якога выступіў філалагічны факультэт БДУ (у прыватнасці дэкан факультэта прафесар І.С. Роўда).

Прафесар Т.І. Шамякіна, спецыяліст па гісторыі і тэорыі літаратуры, не толькі займаецца міфапаэтыкай беларускай літаратуры, у асноўным класікі, але і даследуе рамантызм, некаторыя прыватныя тэарэтычныя праблемы (напрыклад, паэтыку загалоўкаў мастацкіх твораў і інш.). Акрамя таго, яна – лепшы ў краіне даследчык творчасці свайго бацькі народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, аўтар некалькіх дзясяткаў работ, прысвечаных разгляду яго шматграннай творчасці. Яна ж удзельнічае і ў падрыхтоўцы Збору твораў І. Шамякіна ў 23 тамах, выданне якога завяршаецца. Некалькі тамоў гэтага збору твораў таленавіта падрыхтавала старшы выкладчык Т.В. Бельская, дачка акадэміка В.А. Каваленкі, у свой час лепшага ў Беларусі даследчыка творчасці І. Шамякіна.

Збор твораў народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі рыхтуе да выдання яго сын дацэнт П.І. Навуменка.

Выкладчыкі кафедры задзейнічаны і ў іншых сумесных з дзяржаўнымі выдавецтвамі і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі праектах.

Нястомным папулярызатарам беларускай літаратуры з’яўляецца дацэнт У.А. Навумовіч – стваральнік цыкла падручнікаў па гісторыі беларускай літаратуры для навучэнцаў сярэдніх спецыяльных вучэбных устаноў, за які атрымаў рэспубліканскую прэмію “Залаты Купідон” 2014 года. Ён жа – складальнік унікальных вучэбных дапаможнікаў па ўніверсітэтазнаўству і адзін з лепшых знаўцаў гісторыі як сусветных, так і беларускіх універсітэтаў сярод навукоўцаў рэспублікі.

Дацэнт Л.В. Алейнік – даследчык гісторыі крытыкі, адна з самых вядомых у краіне літаратурных крытыкаў-практыкаў. Яна, акрамя таго, актыўна займаецца са студэнтамі-творцамі на факультэце, дапамагае ім адшукаць свой шлях у вялікую літаратуру.

На кафедры працуе адзіны ў БДУ доктар навук па фалькларыстыцы І.В. Казакова – ініцыятар адкрыцця на факультэце вучэбнага кабінета-музея беларускай культуры, у якім пастаянна праводзяцца шматлікія імпрэзы, што маюць шырокі рэзананс. Створаны ёю студэнцкі фальклорны гурт “Багач” ужо вядомы не толькі ва ўніверсітэце, але і ў краіне. Як сапраўдны энтузіяст сваёй справы яна пастаянна ўдзельнічае на беларускім тэлебачанні ў асветніцкіх перадачах пра народныя і рэлігійныя святы, нястомна прапагандуе нацыянальную культуру.

На кафедры ажыццёўлены шматлікія цікавыя праекты: напрыклад, зняты цыкл вучэбных кінастужак па творчасці пісьменнікаў-класікаў, створана багатая фільматэка, у тым ліку фільмы-прэзентацыі па розных дысцыплінах і шматлікія слайды-лекцыі.

Т.І. Шамякіна, І.В. Казакова, У.А. Навумовіч, Л.Д. Сінькова і А.Л. Верабей з’яўляюцца членамі пісьменніцкіх творчых саюзаў і прымаюць самы актыўны ўдзел у культурным жыцці рэспублікі, плённа супрацоўнічаюць з НАН Беларусі і навучальнымі ўстановамі краіны, у прыватнасці стварылі шмат падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для базавай школы.

Старшыя выкладчыкі Л.У. Карпава, Т.В. Бельская і Г.М. Мятліцкая ўдзельнічаюць у правядзенні факультэцкіх мерапрыемстваў, супрацоўнічаюць з музеямі Мінска, займаюцца прафарыентацыяй школьнікаў.

Кафедра беларускай літаратуры і культуры – адна з самых творчых у БДУ. Яе супрацоўнікі на высокім навуковым і метадычным узроўні выкладаюць адпаведныя дысцыпліны, валодаюць высокім духоўным патэнцыялам і заслужана карыстаюцца вялікай павагай сярод калег і любоўю шматлікіх пакаленняў студэнтаў.

 

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.