Сэрвісы

III Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя маладых навукоўцаў “Мова і літаратура ў XXI стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання”

27 сакавіка 2015 г. адбылася III Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя маладых навукоўцаў “Мова і літаратура ў XXI стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання”, арганізаваная Саветам маладых вучоных філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Свае даклады прадставілі больш за 70 удзельнікаў з розных адукацыйных і навукова-даследчых устаноў нашай краіны: Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускга дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, Лабараторыі сінтэза і распазнавання маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, ДУА “Ліцэй № 1 г. Мінска”, ДУА “Сярэдняя школа № 14 г. Пінска”. Мерапрыемства выклікала цакавасць і ў замежных калег: у канферэнцыі прынялі завочны ўдзел прадстаўнікі Бірскага філіяла Башкірскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Бірск, Расія), Паўночнага (Арктычнага) федэральнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава (Архангельск, Расія), Універсітэта Каменскага (Браціслава, Славакія), Чарнаморскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Мікалаеў, Украіна), Шчэцынскага ўніверсітэта (Шчэцын, Польша).

На адкрыцці канферэнцыі з віншавальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся намеснік дэкана па навуковай рабоце кандыдат філалагічных навук дацэнт Павел Іванавіч Навойчык, які падкрэсліў выключную ролю моладзі ў развіцці навукі, адзначыў, што фармат сустрэчы дазваляе маладым даследчыкам не проста паспрабаваць свае сілы, але і сказаць новае слова ў навуцы, а таксама натхніў удзельнікаў, ахарактарызаваўшы філалогію як “падмуркі існавання чалавецтва”.

Старшыня Савета маладых вучоных філалагічнага факультэта кандыдат філалагічных навук Вольга Уладзіміраўна Зуева заклікала калег не расчаравацца ў навуковай дзейнасці, якая пакуль што саступае па заробку шматлікім іншым сферам, і ўзгадала высокую мэту трансляцыі культуры, магчымасць самарэалізацыі і самаразвіцця асобы ў навуцы.

Удзельнікамі канферэнцыі сталі маладыя выкладчыкі, аспіранты, магістранты і студэнты. У мэтах падтрымання кантактаў паміж універсітэтам і школай да ўдзелу былі запрошаны навучэнцы Ліцэя № 1 г. Мінска, для якіх падрыхтоўка дакладаў і абмеркаванне іх на пасяджэннях секцый сталі першым досведам навуковай камунікацыі.

На пленарным пасяджэнні выступілі аспірант кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Акушэвіч Андрэй Аляксандравіч з дакладам “Элементы “свяшчэнных” моў у творчай спадчыне Францыска Скарыны”; старшы выкладчык кафедры рускай мовы філалагічнага факультэта БДУ Занкавец Ала Аляксандраўна з дакладам “Городское просторечие как динамическая система”; магістрант кафедры прыкладной лінгвістыкі філалагічнага факультэта БДУ, малодшы навуковы супрацоўнік Лабараторыі сінтэза і распазнаваннямаўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Барадзіна Юлія Станіславаўна і загадчык Лабараторыі сінтэза і распазнавання маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусікандыдат тэхнічных навук Гецэвіч Юрась Станіслававіч з дакладам “Апрацоўка колькасных выразаў з адзінкамі вымярэння: ад навукова-тэхнічнага тэксту да тэлеметрыі”; аспірант кафедры рускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Светашова Таццяна Анатольеўна з дакладам “Игра как раскрепощающий фактор в творчестве русских поэтов-неоавангардистов”. Пасля кожнага выступлення адбылася дыскусія.

У межах канферэнцыі працавалі дзесяць секцый: “Тэарэтычная і функцыянальная граматыка”, “Пытанні сучаснай лексікалогіі і фразеалогіі”, “Моўная карціна свету, cацыяльная лінгвістыка і лінгвакультуралогія”, “Гісторыя моў і гісторыя мовазнаўства”, “Узаемадзеянне моў і праблемы перакладу”, “Мова і стыль мастацкай літаратуры”, “Тэорыя літаратуры”, “Гісторыя літаратуры”, “Сучасны літаратурны працэс”, “Методыка выкладання мовы і літаратуры”. Тэматыка лінгвістычных дакладаў адлюстроўвае цікавасць маладых аўтараў пераважна да  вывучэння суадносін мовы і нацыянальнай культуры, мовы і асобы, а таксама сацыяльна-псіхалагічных аспектаў моўнай дзейнасці. Літаратуразнаўцы звяртаюцца да пытанняў паэтыкі мастацкага твора, прапаноўваюць новыя інтэрпрэтацыі класікі, цікавяцца літаратурным працэсам сярэдзіны XX – пачатку XXI стагоддзя.

Старшыні секцый адзначылі праблемны характар і навізну дакладаў, добрае валоданне аўтарамі метадамі філалагічных даследаванняў, высокі ўзровень дыскусій.

III Рэспубліканская канферэнцыя маладых навукоўцаў “Мова і літаратура ў XXI стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання” выявіла багаты патэнцыял нацыянальнай філалагічнай навукі. Безумоўна, канферэнцыя спрыяла развіццю навуковай думкі ў сучаснай Беларусі, заахвочванню маладых філолагаў да прафесійнай дзейнасці, інтэграцыі беларускага даследчыцкага асяроддзя.

Па выніках канферэнцыі рыхтуецца зборнік навуковых артыкулаў.

{gallery}2015-03-31_1{/gallery}

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.