
Напярэдадні слаўнага юбілею - 70-годдзя вызвалення нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў - супрацоўнікі кафедры гісторыі беларускай літаратуры наведалі магілу ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, удзельніцы антыфашысцкага падполля, партызанкі, глыбокага вучонага-медыявіста, таленавітага выкладчыка, дацэнта Ларысы Лявонцьеўны Кароткай.
Пасля заканчэння няпоўнай сярэдняй школы Ларыса Лявонцьеўна пачала сваю працоўную дзейнасць як выкладчыца рускай мовы і літаратуры рабфака БДУ, а пасля заканчэння Мінскага педінстытута ў 1938 годзе і да Вялікай Айчыннай вайны выкладала рускую і беларускую мовы і літаратуры ў школе Астрашыцкага Гарадка. У час ваеннага ліхалецця маладая жанчына, якая ў 1938 годзе нарадзіла свайго першанца (у будучым вядомага літаратуразнаўцу і крытыка Варлена Бечыка), змагалася ў складзе антыфашысцкага падполля ў акупацыйным Астрашыцкім Гарадку, потым у складзе партызанскай брыгады “Штурмавая”, была ўпаўнаважанай асобага аддзела партызанскага адрада “За Айчыну”. В. Сіманава ў аповесці “Мы будзем жыць” (1971) паказала ўсе выпрабаванні і жахі фашысцкага гестапа, якія перажыла Ларыса Лявонцьеўна. Здзекі фашыстаў не зламалі мужную жанчыну, яна выжыла…
За баявыя заслугі Л. Кароткая ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны Iступені, шматлікімі медалямі. Партызанскія сябры былі жаданыя госці ў яе хаце. Пасля вызвалення Беларусі Ларыса Лявонцьеўна працавала ў школах Астрашыцкага Гарадка, Талькаўскай і Прылуцкай школах Мінскай вобласці. Першыя артыкулы прысвечаны праблемам школы – “Любіце працу” (1945), “За родную школу” (1947), “Абмен вопытам работы” (1948).
У 1955 годзе Ларыса Лявонцьеўна паступіла ў аспірантуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і ў 1963 годзе бліскуча абараніла кандыдацкую дысертацыю. У час працы над дысертацыяй яна шмат працавала ў бібліятэках г. Ленінграда, пасябравала з акадэмікам Д. С. Ліхачовым. З любоўю захоўвала Ларыса Лявонцьеўна кнігі вучонага, якія вылучаюцца не толькі глыбінёй і тэарэтычнай навізной, але і цёплымі надпісамі да яе як аднаго з першых беларускіх медыявістаў. За амаль пяцідзесяцігадовую працу на філалагічным факультэце БДУ яна таленавіта выкладала старажытнарускую літаратуру і рускую літаратуру XVIIIст. Лекцыі Ларысы
Лявонцьеўны вылучаліся змястоўнасцю і яркім аратарскім майстэрствам, яна любіла студэнтаў, а далёкія старажытныя рэаліі і вобразы ажывалі, бо выкладчыца знаходзіла шматлікія аналогіі ў сучасным жыцці, валодала тонкім гумарам.
Неаднойчы яна гаварыла пра вялікую адказнасць выкладчыка і высакароднасць нашай прафесіі. Мы працуем з маладымі і таленавітымі людзьмі, таму ўвесь час трэба самаўдасканальвацца, каб данесці да студэнцкай аўдыторыі “съкровища вечныя жизни”. Традыцыі аднаго з самых аўтарытэтных беларускіх медыявістаў працягваюць яе вучні, многія з якіх сталі вядомымі вучонымі – прафесар Т.Я Аўтуховіч, кандыдат філалагічных навук Л. В. Ляўшун і іншыя.
Ларыса Лявонцьеўна напісала больш за 100 навуковых прац – манаграфіі, вучэбна-метадычныя дапаможнікі, хрэстаматыі, навуковыя артыкулы па праблемах рускай і беларускай літаратур, а таксама пра сучасных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў – А. Лойку, Н. Гілевіча, П. Панчанку; з любоўю працавала над “Выбранымі літаратурна-крытычнымі артыкуламі Варлена Бечыка” (1989). Ларыса Лявонцьеўна, акрамя таго, - аўтар цудоўных вершаў для дзяцей, якія выходзілі асобнымі выданнямі, а некаторыя друкаваліся ў календары “Родны край”.
Л. Кароткая заўсёды захапляла нас пошукам, творчасцю і шчырасцю. Кожны чалавек для яе цікавы і непаўторны, усё жыццё яна дапамагала слабым людзям, не церпела хлусні і здрады. Колькі духоўнай сілы было ў гэтай элегантнай і прыгожай жанчыны!


BY 
