12 кастрычніка на філалагічным факультэце БДУ адбыўся круглы стол, прысвечаны 700-годдзю «Боскай камедыі» Дантэ Аліг’еры. Арганізатарам сустрэчы выступіла кафедра раманскага мовазнаўства.
Адкрываючы пасяджэнне, Алеся Аляксандраўна Панцялеенка адзначыла актуальнасць тэматыкі вечнага твора вялікага Дантэ для сучаснага грамадства.
Ганаровы госць сустрэчы Аксана Аляксееўна Данільчык, выпускніца філалагічнага факультэта БДУ, кандыдат філалагічных навук, паэтка, літаратуразнаўца, перакладчык, распавяла пра тое, як вывучэнне Дантэ Аліг’еры і знаёмства з тэкстам «Боскай камедыі» паўплывала на яе прафесійнае станаўленне, навуковую кар’еру. Таксама Аксана Аляксееўна падзялілася вопытам навуковых даследаванняў у галіне беларуска-італьянскага ўзаемадзеяння літаратур і закранула праблему рэцэпцыі Дантэ ў розных культурах (рускай, беларускай і ўкраінскай).
Мадэратар круглага стала дацэнт кафедры раманскага мовазнаўства Марыяна Вячаславаўна Салеева расказала пра магчымасці вывучэння спадчыны Дантэ Аліг’еры ў дыстанцыйным фармаце для прафесіяналаў і аматараў. Так, на базе ДУ «Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна» па нядзелях праводзяцца чытанні тэкстаў на італьянскай мове ў праекце «Аматары Дантэ».
У віртуальным фармаце падрыхтаваў свой выступ «Вобраз жанчыны ў “Боскай камедыі”» Альда Анарата, пісьменнік, дантавед, сябра міжнароднай асацыяцыі «Дантэ Аліг’еры». Дыстанцыйна падключылася дацэнт Турынскага ўніверсітэта Аліна Масла, з якой кафедра раманскага мовазнаўства супрацоўнічае ў межах міжуніверсітэцкага дагавора па навуковай лініі ў праекце «Даследуем са слоўнікам».
Старшы выкладчык кафедры раманскага мовазнаўства Надзея Ильінічна Бруцкая падзялілася вопытам міжкультурнага супрацоўніцтва італьянцаў і беларусаў, расказала пра змены, якія адбыліся ў гэтай галіне за апошнія 20 гадоў.
У ходзе абмену думкамі ўдзельнікі круглага стала абмеркавалі пытанні развіцця італьяністыкі ў Беларусі. Студэнты таксама мелі магчымасць прыняць удзел у дыскусійнай частцы мерапрыемства.
Падводзячы вынікі круглага стала, Алеся Аляксандраўна Панцялеенка адзначыла важнасць праведзенай дыскусіі, якая будзе садзейнічаць узмацненню лінгвакраязнаўчага аспекту вучэбнага працэсу і італьяністыкі ў Беларусі ў цэлым, і запрасіла студэнтаў да супрацоўніцтва ў працы над перакладамі артыкулаў італьянскіх аўтараў.
Па выніках правядзення круглага стала плануецца выданне зборніка «Гуманізм і слова».