13 верасня на філалагічным факультэце адбылася літаратурна-творчая сустрэча студэнтаў і выкладчыкаў са старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктарам – галоўным рэдактарам Выдавецкага дома «Звязда» Алесем Мікалаевічам Карлюкевічам.
Спачатку госця цёпла вітаў дэкан філалагічнага факультэта С. А. Важнік, які адзначыў, што мерапрыемства прымеркавана да Дня народнага адзінства — свята, якое адзначаецца штогод 17 верасня. Алесь Карлюкевіч, знаходзячыся ў аўдыторыі народных паэтаў і пісьменнікаў Беларусі, падкрэсліў асаблівую значнасць гэтай даты для беларускага народа і літаратуры, сказаў пра важнасць захавання гістарычнай памяці, распавёў пра перапетыі і лёсы пісьменнікаў Заходняй Беларусі, згадаў Максіма Танка, Валянціна Таўлая, Піліпа Пестрака, Міхася Машару і іншых літаратараў, якія, нягледзячы на пераслед польскіх уладаў, адстойвалі сацыяльныя і нацыянальныя правы беларусаў. Алесь Мікалаевіч, адказваючы на пытанні, спыніўся на дзейнасці Саюза пісьменнікаў Беларусі, кніжных праектах Выдавецкага дома «Звязда», гаварыў пра ролю краязнаўства ў выхаванні патрыятызму, падзяліўся творчым і жыццёвым вопытам з маладым пакаленнем студэнтаў. На сустрэчы была агучана прапанова аб правядзенні сумеснага творчага конкурсу газеты «Літаратура і мастацтва» і філфака БДУ на лепшы літаратурна-крытычны твор. У хуткім часе ўмовы конкурсу будуць надрукаваны ў названай газеце.
На сустрэчы прысутнічалі намеснік дэкана філалагічнага факультэта В. П. Крычко, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры А. І. Бельскі, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства М. Р. Прыгодзіч і інш.





BY

