8 лістапада 2023 года на філалагічным факультэце БДУ былі падведзены вынікі конкурсу перакладаў сярод студэнтаў спецыяльнасці “Славянская філалогія”. Конкурс арганізавала кафедра тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства, якая абвясціла аб яго правядзенні ў верасні. У конкурсе ўдзельнічалі студэнты-паланісты 4 курса, студэнты-багемісты 3 курса і студэнты-славакісты 2 курса. Таксама на цырымоніі святочнага ўзнагароджання пераможцаў і ўдзельнікаў прысутнічалі студэнты-балгарысты і студэнты-сербісты.
Сама цырымонія ўключала як ўзнагароджанне прызёраў і ўдзельнікаў граматамі і кнігамі па славянскіх літаратурных узаемасувязях, так і чытанне сваіх перакладаў на беларускую мову з розных славянскіх літаратур (польскай, славацкай, чэшскай, украінскай). Студэнты-славісты перакладалі творы са славянскіх літаратур самых розных часоў. Выбіралі для перакладаў паэзію і прозу, нават фальклорныя творы (так, Ева Антонава перакладала паэзію і прозу Яношыкаўскага цыклу са славацкай літаратуры). Перакладчыкі тлумачылі свой выбар і свае захапленні. Расказвалі пра цяжкасці, якія ўзнікалі падчас перакладу тэкстаў на беларускую мову, і тлумачылі, як яны з імі спраўляліся. Студэнты праявілі сваю абазнанасць і захопленасць славянскай праблематыкай, мастацкім перакладам.
Першае месца заняла славакістка 2 курса Кацярына Кавалеўская. Другое месца падзялілі паланіст 4 курса Глеб Леонцьеў і славакістка 2 курса Ева Антонава. 3 месца прысудзілі багемістцы 3 курса Аляксандры Балацэвіч і паланістцы 4 курса Ганне Сафонавай. Таксама са сваімі перакладамі пазнаёмілі паланісты 4 курса Яна Гарэлікава, Ксенія Брыль, Ганна Белая, Ксенія Сіліцкая, Карына Ісаенкава, Валерыя Уласевіч, Вераніка Тоўпінец. Плёнам перакладчыцкай працы падзялілася славакістка Валерыя Лятчэня і багемісты Кацярына Семенас, Алег Шадруноў. Таксама актыўны ўдзел у конкурсе ўзяла былая магістрантка і цяперашняя аспірантка кафедры, багемістка Юлія Шлемен. Усе пераклады будуць размешчаны на адукацыйным партале філалагічнага факультэта на старонцы кафедры. Жадаючыя і аматары славянскіх літаратур могуць з імі азнаёміцца. Курыравала мерапрыемства дацэнт кафедры Алена Вострыкава. Удзел у святочнай цырымоніі ўзнагароджання ўзяла загадчыца кафедры, дацэнт Таццяна Марозава.


BY

