У сувязі з Міжнародным днём памяці ахвяраў злачынства генацыду, ушаноўвання іх годнасці і папярэджання гэтага злачынства – 9 снежня – адбылася тэматычная гутарка-рэквіем "Вечная памяць – у нашым сэрцы" (1 курс, спецыяльнасць "Славянская філалогія"), арганізаваная кафедрай рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры. Прагучала біяграфічнае апавяданне-эсэ ўдзельніцы мерапрыемства аб лёсе яе прадзеда – аднаго з суграмадзян, закатаваных і знішчаных гітлераўцамі ў Малым Трасцянцы за некалькі дзён да вызвалення Мінска, перад надыходам савецкіх войскаў падчас легендарнай ваеннай аперацыі "Баграціён".
Студэнты звярнуліся да тэматычна звязаных з дзейнасцю канцэнтрацыйных лагераў на тэрыторыі Беларусі фрагментаў факультэцкай мемарыяльнай экспазіцыі (музейнага кутка), прадстаўленых у ёй абагульняючых статыстычных матэрыялаў, дакументаў і сведчанняў. У форме лічбавай выставы-прэзентацыі былі прадэманстраваны архіўныя фотаздымкі; прачытаны фрагменты ўспамінаў сучаснікаў ваеннага ліхалецця, наказ-завяшчанне нашчадкам і надпіс, зроблены на гранітным пастаменце помніка ў адным з месцаў (на паўднёвай ускраіне Мінска), дзе пахаваны прах ахвяраў знішчэння нацыстамі грамадзянскага насельніцтва:
«Тут пахаваны савецкія грамадзяне, закатаваныя і спаленыя нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Людзі, помнiце, перадайце з пакалення ў пакаленне, што ўся зямля тут прасякнута нашымі слязамі і крывёй.
Няхай наша гора і мужнасць дадуць вам сілы і ўпэўненасць у барацьбе за мір і шчасце на зямлі!»




BY

