24 лютага ў межах Тыдня роднай мовы на філалагічным факультэце БДУ ў трэці раз адбылася канферэнцыя «Беларуская літаратура ў сусветным кантэксце», арганізаваная кафедрай замежнай літаратуры і прысвечаная 100-годдзю з дня народзінаў Васіля Быкава. Былі праслуханы даклады студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў па наступных напрамках: 1) кампаратывістыка (шляхі ўзаемадзеяння ўніверсальных элементаў у беларускай і рускай, англійскай культурах/літаратурах); 2) актуальныя праблемы беларускай літаратуры (творчасць В. Быкава, М. Зарэцкага, В. Коўтун, М. Кульбака, А. Лойкі і інш.); 3) актуальныя пытанні сусветнай літаратуры (прадстаўленыя артыкулы па нямецкай (В. Раабе), англійскай (Э. Бронтэ, Ф. Э. Х. Бёрнет), швейцарскай (М. Фрыш), чэшскай (Я. Сэйферт), кітайскай літаратурах). Падчас правядзення канферэнцыі былі задзейнічаны мультымедыйныя сродкі, кожны артыкул суправаджаўся актыўнай навуковай дыскусіяй. Большасць выступоўцаў з’яўляецца ўдзельнікамі СНДЛ «Нацыянальнае і ўніверсальнае ў сусветнай літаратуры». У канферэнцыі прымалі ўдзел вучні Ліцэя БДУ і БрДУ імя. А. С. Пушкіна. Па выніках канферэнцыі плануюцца публікацыі.
Пасля канферэнцыі яе ўдзельнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі:
Лук’янава Дар’я Міхайлаўна, выкладчык кафедры замежнай літаратуры: «Даклады канферэнцыі ўключалі аналіз твораў беларускай літаратуры ў сусветным кантэксце, асаблівасці паэтыкі сучасных беларускіх аўтараў, праблемы перакладу сусветнай літаратуры на беларускую мову. Удзельнікі выкарыстоўвалі разнастайныя навуковыя метады даследавання (культурна-гістарычны, псіхалагічны, біяграфічны і інш.). Праграма канферэнцыі была насычанай і разнастайнай. Даклады былі натхняльнымі і інфарматыўнымі, ахоплівалі шырокі спектр тэм ад праблем рэцэпцыі вобразу-іміджу да асаблівасцей паэзіі сінафонных літаратур. Канферэнцыя стала каштоўным мерапрыемствам, якое спрыяла абмену ведамі, усталяванню сувязяў і абмеркаванню апошніх тэндэнцый (айчынных і замежных) у літаратуразнаўстве».
Афанасьева Юліана Аляксееўна, аспірантка кафедры замежнай літаратуры: «На канферэнцыі панаваў святочны настрой! Кожны з удзельнікаў атрымаў сапраўдную асалоду інтэлектуальнай размовы. Шэраг літаратуразнаўчых пытанняў разглядаўся грунтоўна і крэатыўна, што сведчыць аб высокім узроўні філалагічнай падрыхтоўкі ўдзельнікаў».
Пупіна Алеся Юр’еўна, выкладчык кафедры замежнай літаратуры: «Для мяне, маладога выкладчыка, асаблівай асалодай было кіраваць першым студэнцкім дакладам, прысвечаным кампаратыўнаму даследаванню беларускай і замежнай літаратур».
Чэб Варвара Віктараўна, студэнтка 2 курса рамана-германскай (англійскай) філалогіі: «Я лічу, што сваім імкненнем да развіцця беларускай мовы, вывучэння беларускай слоўнасці выступоўцы сапраўды робяць справу, якая працягвае жыццё нашай культуры. Дзякуй удзельнікам канферэнцыі, даклады былі найцікавейшыя! ».
Аляксеенка Яніна Аляксееўна, аспірантка кафедры замежнай літаратуры: «Канферэнцыя “Беларуская літаратура ў сусветным кантэксце”, якая ў гэтым годзе праводзілася на філалагічным факультэце БДУ трэці раз, стала добрай традыцыяй святкавання тыдня роднай мовы ў фармаце навуковага дыялогу. Неабходна адзначыць, што арганізатары заўсёды прыўносяць нешта новае ў працэс: так, напрыклад, апошняя сустрэча была прысвечаная 100-годдзю з дня народзінаў Васіля Быкава, творчасць якога разглядалася ў шэрагу дакладаў. Больш за тое, у канферэнцыі ўпершыню прынялі ўдзел не толькі студэнты, магістранты, аспіранты і выкладчыкі, але і навучэнцы Ліцэя БДУ, што спрыяе папулярызацыі сярод падрастаючага пакалення як роднай культуры, так і філалагічнай спецыяльнасці. На мой погляд, наяўнасць некалькіх кірункаў працы канферэнцыі (“Беларуская літаратура”, “Кампаратыўныя даследаванні беларускай літаратуры. Тыпалогія”, “Замежная літаратура ў беларускіх перакладах”) і ўзроўневая разнастайнасць удзельнікаў, магчымасць далучэння да абмеркавання ў рэжыме анлайн студэнтаў іншых навучальных устаноў (БрДУ імя. А. С. Пушкіна) дазваляе ахапіць большую колькасць актуальных літаратуразнаўчых пытанняў, разгледзець беларускі літаратурны працэс у непасрэднай сувязі з сусветнымі практыкамі і параўнаць падыходы, характэрныя для розных нацыянальных даследчых школ».


BY

