5 сакавіка 2024 года на філалагічным факультэце БДУ адбылася імпрэза “Чароўныя гукі беларускай аўтэнтычнай песні”. Падрыхтавалі і правялі мерапрыемства кафедра тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства і вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору. У правядзенні імпрэзы прынялі ўдзел дэкан філалагічнага факультэта БДУ Сяргей Важнік, намеснікі дэкана Мікалай Хмяльніцкі, Вольга Крычко, Таццяна Мальцэвіч, выкладчыкі і супрацоўнікі філалагічнага факультэта і лабараторыі, а таксама дацэнт кафедры народна-песеннай творчасці і фальклору БДУКіМ Таццяна Пладунова. Сярод прысутных былі студэнты 1 курса спецыяльнасцей «Руская філалогія» і «Славянская філалогія».
Распачала імпрэзу дацэнт кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства Вольга Прыемка, якая звярнула ўвагу на адметныя рысы аўтэнтычный народнай песні. Прагляд урыўка “Песні вясны” з дакументальнага фільма “Галасы стагоддзяў” пракаменціравала дацэнт кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства Таццяна Лук’янава. Пра архіўнае “жыццё” народнай песні” расказала загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Вера Дзянісенка.
Уменне пераймаць традыцыйнае выкананне народных песень прадэманстравалі студэнты спецыялізацыі “Этнафоназнаўства” факультэта музычнага і харэаграфічнага мастацтва БДУКіМ Сюзанна Літвінава, Кацярына Цярэшчанка, Вікторыя Васкрэсенская пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле дацэнта кафедры народна-песеннай творчасці і фальклору Таццяны Пладуновай. У іх выкананні прагучалі песня гукання вясны “Благаславі, Божа”, траецкая песня “Ой, дай, Божа, цёпла літо”, бытавая песня “Ой, да сонца”. Напрыканцы госці з БДУКіМ правялі майстар-клас: развучылі і выканалі разам з публікай масленічны карагод “А сёння ў нас Масленка”.
З заключным словам да ўдзельнікаў імпрэзы звярнуўся дэкан філалагічнага факультэта БДУ Сяргей Важнік. Ён адзначыў значнасць захавання і папулярызацыі беларускай аўтэнтычнай песні і запрасіў гасцей з БДУКіМ часцей знаёміць філалагічны факультэт з яе чароўнымі гукамі.




BY

