3 красавіка 2024 года на філалагічным факультэце БДУ прайшоў фальклорны фэст “Гуканне вясны”. Ініцыятарам правядзення мерапрыемства выступіла вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства.
Актыўны ўдзел у фэсце прынялі студэнты філалагічнага і эканамічнага факультэтаў, навучэнцы Ліцэя БДУ, Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя і ДУА “Гімназія № 14 г. Мінска”.
Супрацоўнікі лабараторыі і кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства загадзя ўпрыгожылі рознакаляровымі стужкамі і выразанымі з паперы птушкамі пляцоўку перад актавай залай, такім чынам падрыхтаваўшы інтэрактыўную зону свята. Загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Вера Дзянісенка, начальнік аддзела інавацыйнага развіцця і інфармацыйных тэхналогій вучэбнага цэнтра адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій Дзмітрый Малакаў, выкладчык кафедры прыкладной лінгвістыкі Марына Дубень, супрацоўнікі лабараторыі Кацярына Батура і Анастасія Сцельмашук, студэнты 2 курса спецыяльнасці «Руская філалогія» Ганна Ляцко, Артур Манкевіч, Дар’я Іванова, Валерыя Аляшкевіч, Паліна Вількель, навучэнец ДУА “Гімназія №14 г. Мінска” Аляксей Дзянісенка паказалі прысутным фальклорна-мастацкую праграму “Вясна, прыйдзі!” і расказалі пра асаблівасць і значнасць вясновых святкаванняў у каляндарна-абрадавым фальклоры беларусаў.
Атмасферу самабытнага святкавання перыяду «гукання вясны» стварылі запрошаныя госці з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў – фальклорны калектыў «Этнасуполка» пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры народна-песеннай творчасці і фальклору факультэта мастацкай культуры Таццяны Пладуновай і фальклорны калектыў «Страла» пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры народна-песеннай творчасці і фальклору факультэта мастацкай культуры Эвеліны Шчадрыной. Удзельнікі фэсту атрымалі магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класе – навучыцца некаторым традыцыйным танцам і гульням, развучыць веснавыя песні.
На мерапрыемстве прысутнічалі намеснік дэкана па навуковай рабоце і міжнародным супрацоўніцтве дацэнт Таццяна Мальцэвіч, загадчыкі кафедраў, выкладчыкі, супрацоўнікі філалагічнага і эканамічнага факультэтаў, а таксама супрацоўнікі аддзела абслугоўвання філалагічнага і эканамічнага факультэтаў Фундаментальнай бібліятэкі БДУ. З прывітальным словам і дазволам «гукаць вясну» выступіў дэкан філалагічнага факультэта дацэнт Сяргей Важнік.
Напрыканцы фальклорнага фэсту «Гуканне вясны» ў гасцей філалагічнага факультэта была магчымасць зрабіць сэлфі ў інтэрактыўнай зоне з самаробнымі папяровымі птушачкамі, а таксама агульную фатаграфію з творчымі калектывамі БДУКМ і арганізатарамі – творчым калектывам супрацоўнікаў лабараторыі і студэнтаў філалагічнага факультэта.





BY 
