Сэрвісы

ЖЫЦЦЁ І ТВОРЧАСЦЬ КЛАСІКА ТУРКМЕНСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ МАХТУМКУЛІ ФРАГІ І КЛАСІКА БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ЯНКІ КУПАЛЫ

ЖЫЦЦЁ І ТВОРЧАСЦЬ КЛАСІКА ТУРКМЕНСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ МАХТУМКУЛІ ФРАГІ І КЛАСІКА БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ЯНКІ КУПАЛЫ

Другога кастрычніка 2024 года адбылася сумесная з Туркменскім дзяржаўным універсітэтам імя Махтумкулі (г. Ашхабад, Туркменістан) відэаканферэнцыя, прысвечаная класіку туркменскай літаратуры Махтумкулі Фрагі і класіку беларускай літаратуры Янку Купалу. Канферэнцыя прымеркавана да святкавання 300-годдзя з дня нараджэння вялікага паэта і мысляра Усходу, заснавальніка туркменскай класічнай літаратуры Махтумкулі Фрагі, чыя творчая спадчына стала неад'емнай часткай скарбніцы сусветнай культуры.

2024 год Міжнародная арганізацыя цюркскай культуры абвясціла «Годам вялікага паэта і мысліцеля цюркскага свету – Махтумкулі Фрагі». Вось ужо тры стагоддзі словы Махтумкулі натхняюць людзей, уплываюць на паэтаў розных пакаленняў, перакладаюцца на іншыя мовы, у тым ліку і на беларускую мову. Сярод перакладчыкаў – сучасныя беларускія паэты, у тым ліку Рыгор Барадулін, Алесь Звонак, а таксама былы дэкан філалагічнага факультэта паэт Алег Антонавіч Лойка (у 1991-1996 гг) і інш. У паэзіі Махтумкулі раскрываюцца агульнагуманістычныя каштоўнасці, вобраз усходняга паэта-мудраца, бяссрэбраніка і патрыёта захоплівае і ўражвае. Разважанні філосафа аб стаўленні да матэрыяльнага багацця і сутнасці ўлады, аб высакароднасці і самаахвяраванні, аб высокім каханні і шчырым сяброўстве блізкія і зразумелыя ўсім.

Талент прадбачання, дасканаласць паэтычнага слова і глыбіня філасофскай думкі – вось што аб'ядноўвае класіка туркменскай літаратуры Махтумкулі Фрагі і класіка беларускай літаратуры Янку Купалу. Янка Купала – адзін з выбітных мастакоў слова, якім дадзена глыбокае разуменне сутнасці свайго часу, народа, яго гісторыі і ўменне выказаць гэта ў яскравай, толькі яму ўласцівай форме. Творчасць Янкі Купалы – гэта летапіс жыцця беларускага народа, адлюстраванне нацыянальнага характару, паэтычнага светапогляду ў пераломныя моманты гісторыі першай паловы XX стагоддзя; яго адрознівае мастацкая своеасаблівасць і нацыянальная самабытнасць.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся начальнік навуковага аддзела Туркменскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Махтумкулі, кандыдат гістарычных навук Мурад Курбанназаравіч Хаджакулыеў і намеснік дэкана па навуковай рабоце і міжнароднаму супрацоўніцтву філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Мальцэвіч Таццяна Васільеўна.

 З дакладам «Махтумкулі Фрагі: глыбіня філасофскай думкі і дасканаласць паэтычнага слова» выступіў загадчык кафедры туркменскай літаратуры ТДУ імя Махтумкулі, кандыдат філалагічных навук Шыхнепесаў Аманнэпес Гаюнджыевіч. Дацэнт кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Шматкова Ірына Ігараўна ў сваім дакладзе «Пясняр Беларусі: асоба і творчасць Янкі Купалы» расказала пра значэнне творчай спадчыны Янкі Купалы для беларускага народа. Кузьміна Ірына Анатольеўна, выкладчык кафедры рускай мовы і літаратуры ТДУ імя Махтумкулі, прадставіла даклад аб геніяльных перакладчыках паэзіі Махтумкулі на рускую мову. Крыцук-Тарасава Кацярына Аляксандраўна, аспірант кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БДУ, магістр філалагічных навук, пазнаёміла з вынікамі даследавання «Вобраз Янкі Купалы ў перыядычным друку БССР 1920-х–1930-х гг.». Абдыхалыкава Гульміра, студэнтка 4-га курса ТДУ імя Махтумкулі, раскрыла тэму сяброўства і згоды ў паэзіі Махтумкулі. Гочыева Айболек Байрамгельдыеўна, выкладчык кафедры туркменскай літаратуры ТДУ імя Махтумкулі, у сваім дакладзе падкрэсліла агульнасць маральных поглядаў Махтумкулі Фрагі і Янкі Купалы.

У Мінску і Ашхабадзе пранікнёна гучалі словы Махтумкулі Фрагі і Янкі Купалы на туркменскай, беларускай і рускай мовах: вершы чыталі Сеідава Сульгун і Гурбанаў Джэлалетдзін (студэнты ТДУ), Кухальская Анастасія і Энеш Чарыева (студэнты БДУ), Гао Юйкунь (магістрант БДУ).

Праведзеная канферэнцыя паказала высокую ступень узаемнай зацікаўленасці не толькі ў вывучэнні літаратурнай спадчыны нашых народаў, але і ў развіцці супрацоўніцтва БДУ і ТДУ імя Махтумкулі ў адукацыйнай, навуковай і асветніцкай сферах.

 1iz5.jpg

3iz7.jpg

5iz3.jpg

7iz4.jpg

6iz4.jpg

2iz2.jpg

Праграма відэаканферэнцыі

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.