Як вядома, навука з’яўляецца важным кампанентам сучаснай адукацыі. 26 лютага 2025 года кафедра кітайскай філалогіі ў мэтах паглыблення прафесійных ведаў і кампетэнцый студэнтаў арганізавала і правяла сустрэчу з прадстаўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: А.В. Бараноўскім, першым намеснікам па навуковай рабоце ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», кандыдатам гістарычных навук; І.Л. Капыловым, дырэктарам філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа», кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам; У.А. Кошчанкам, загадчыкам сектара камп’ютарнай лінгвістыкі аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі «Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа».
Аляксандр Віктаравіч расказаў прысутным аб структуры і спецыфіцы «Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», напрамках супрацоўніцтва з філалагічным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, магчымасцях рэалізацыі студэнтамі свайго навуковага патэнцыялу на базе ўстановы.
Дырэктар «Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа» праінфармаваў аб яго гісторыі і сучасным стане, фундаментальных навуковых выданнях супрацоўнікаў установы, а таксама аб апошніх дасягненнях у сферы беларуска-кітайскіх гуманітарных сувязей. Асаблівую цікавасць у студэнтаў выклікала прэзентацыя І. Л. Капылова, прысвечаная працэсу стварэння і адметнасцях першага ў гісторыі Беларусі і Кітая перакладнога кітайска-беларускага і беларуска-кітайскага слоўніка (аб’ём – 18 тыс. слоў). Адзначым, што Ігар Лявонавіч з’яўляецца адным з навуковых кіраўнікоў аўтарскага калектыву, у планах якога – выданне вялікага акадэмічнага кітайска-беларускага і беларуска-кітайскага слоўніка.
Загадчык сектара камп’ютарнай лінгвістыкі аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства У.А. Кошчанка расказаў аб праграмным забеспячэнні і методыцы складання слоўнікавых артыкулаў.
Прафесар філалагічнага факультэта Мікалай Хмяльніцкі адзначыў, што ў стварэнні слоўніка прымалі ўдзел супрацоўнікі і выпускнікі кафедры кітайскай філалогіі і што дадзенае выданне актыўна выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе.
Студэнты-кітаісты засведчылі вялікую цікавасць да прадмета размовы, сардэчна падзякавалі за сустрэчу супрацоўнікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Водгук аб мерапрыемстве Януш А.Д. (студэнткі 1 курса спецыяльнасці «Усходняя (кітайская) філалогія»): «Сустрэча была прадуктыўнай і пазнавальнай. Мы, студэнты 1 курса, змаглі пазнаёміцца з дзейнасцю вядучага цэнтра і інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, даведаліся шмат новага пра выданні, якія змогуць нам дапамагчы ў вывучэнні кітайскай мовы і культуры. А таксама, магчыма, гэта навуковая ўстанова стане месцам нашай будучай працы».






BY

