Сэрвісы

ГУКАЛІ ВЯСНУ РАЗАМ!

ГУКАЛІ ВЯСНУ РАЗАМ!

2 красавіка 2025 года на філалагічным факультэце БДУ прайшоў фальклорны фэст «Гуканне вясны». Другі год запар ініцыятарам правядзення гэтага мерапрыемства выступіла вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства.

Фальклорны фэст быў арганізаваны з мэтай захавання і папулярызацыі беларускай народнай песеннай, танцавальнай і гульнёвай культуры перыяду гукання вясны.

Супрацоўнікі лабараторыі і кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства загадзя ўпрыгожылі рознакаляровымі стужкамі і папяровымі птушкамі ўнутраны дворык філалагічнага факультэта, такім чынам падрыхтаваўшы інтэрактыўную зону для правядзення мерапрыемства.

З прывітальным словам і дазволам «гукаць вясну» выступілі «старэйшыны» – дэкан філалагічнага факультэта дацэнт Сяргей Важнік і прафесар Іван Роўда. На мерапрыемстве прысутнічалі намеснік дэкана па навуковай рабоце і міжнароднаму супрацоўніцтву дацэнт Таццяна Мальцэвіч, загадчыкі кафедраў, выкладчыкі, супрацоўнікі філалагічнага і эканамічнага факультэтаў, аддзела абслугоўвання філалагічнага і эканамічнага факультэтаў Фундаментальнай бібліятэкі БДУ, а таксама беларускія і замежныя студэнты філалагічнага факультэта, навучэнцы Ліцэя імя Ф.Э. Дзяржынскага БДУ і ДУА «Гімназія № 14 г. Мінска».

Загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Вера Дзянісенка, выкладчык кафедры прыкладной лінгвістыкі Марына Дубень, супрацоўнікі лабараторыі Кацярына Батура і Анастасія Сцельмашук, студэнты 2 курса спецыяльнасці «беларуская філалогія» Раман Марукін і Аляксей Дубоўскі, студэнты 3 курса спецыяльнасці «руская філалогія» Ганна Лецка, Дар’я Іванова, Валерыя Аляшкевіч, Паліна Вількель, Ганна Іванова і навучэнец ДУА «Гімназія №14 г. Мінска» Аляксей Дзянісенка прадставілі гасцям фальклорна-мастацкую праграму «Вясна, прыйдзі!», дзе расказалі пра асаблівасці і значнасць веснавых святкаванняў у каляндарна-абрадавым фальклоры беларусаў.

Атмасферу самабытнасці перыяду гукання вясны стварылі запрошаныя госці з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва – фальклорны гурт «Этнасуполка» пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры народна-песеннай творчасці і фальклору факультэта мастацкай культуры Таццяны Пладуновай. Удзельнікі фэсту атрымалі ўнікальную магчымасць убачыць рэканструкцыю абраду «Чырачка», які бытуе ў вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці, а таксама стаць актыўнымі ўдзельнікамі майстар-класа – навучыцца некаторым традыцыйным беларускім танцам і гульням, развучыць вяснянкі і нават павадзіць вялікі і дружны карагод.

У завяршэнне мерапрыемства госці філалагічнага факультэта змаглі зрабіць сэлфі ў інтэрактыўнай зоне з самаробнымі папяровымі птушкамі, а таксама сумесны фотаздымак з творчым калектывам БДУКіМ і арганізатарамі – творчым калектывам супрацоўнікаў вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору і студэнтаў філалагічнага факультэта.

Фальклорны фэст «Гуканне вясны» стаў значнай падзеяй для філалагічнага факультэта, якая спрыяе захаванню культурнай спадчыны і ўмацаванню грамадскіх і міжнацыянальных сувязяў.

dm55dm88dm_2.JPG

dm55dm88dm_3.JPG

dm55dm88dm_6.JPG

dm55dm88dm_1.JPG

dm55dm88dm_4.JPG

dm55dm88dm_5.JPG

Image

Рэсурсы

Image
Image