25 красавіка дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Т.Л. Чахоўская ў межах вучэбнай дысцыпліны "Беларуская мова (Прафесійная лексіка)" правяла мемарыяльную лекцыю для студэнтаў 2 курса біялагічнага факультэта, прысвечаную ветэранам Вялікай Айчыннай вайны – супрацоўнікам біялагічнага факультэта БДУ, вядомым навукоўцам М.М. Драко, Б.М. Жураўлю, П.Р. Пятровічу, Г.В. Гладкаму, В.Ф. Цераховіч.
Поўныя спісы выпускнікоў (пачынаючы з 1951 г.) захоўваюцца ў архівах БДУ і біялагічнага факультэта. А вось складанне спісаў выпускнікоў даваенных і першых пасляваенных гадоў выклікае шэраг цяжкасцей і патрабуе спецыяльных пошукаў у іншых архівах, у першую чаргу ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. З-за няпоўнай захаванасці даваенных дакументаў фонду 205 («Фонд БДУ» у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь) і спецыфікі справаводства таго перыяду спісы выпускнікоў нельга лічыць абсалютна поўнымі. Загады рэктара аб выпуску спецыялістаў у даваенныя гады, відаць, выдаваліся далёка не заўсёды, многія не захаваліся. У дакументах студэнтаў за даваенны перыяд ніякіх адзнак аб заканчэнні вучобы, як правіла, не рабілася. Таму пералік выпускнікоў даваенных гадоў сёння даводзіцца аднаўляць на аснове параўнання спісаў студэнтаў выпускных курсаў і матэрыялаў экзаменацыйных камісій.
Як адзначаюць навукоўцы, асабліва праблемным аказалася складанне спісу выпускнікоў 1941 г. Абарона дыпломных работ на біялагічным факультэце ў той год была прызначаная на 28-30 чэрвеня. 22 чэрвеня пачалася Вялікая Айчынная вайна, а ўжо 23 і 24 чэрвеня Мінск моцна пацярпеў ад жорсткіх бамбёжак варожай авіяцыі, у выніку якіх большая частка горада ператварылася ў руіны. 28 чэрвеня горад быў акупаваны фашыстамі. Па гэтай прычыне выпускнікі біяфака 1941 г. не паспелі атрымаць дакументы аб вышэйшай адукацыі. Некаторыя з іх атрымлівалі іх пазней, у пасляваенныя гады, але архіўныя фонды захавалі вельмі мала канкрэтных звестак на гэты конт. Відавочна, значная частка студэнтаў, якія скончылі вучобу ў БДУ у той год, загінула падчас войны, так і не атрымаўшы дакумента аб вышэйшай адукацыі.
Вельмі мала звестак аб даваенных выпускніках, сярод якіх, несумненна, таксама былі знакамітыя вучоныя, грамадскія дзеячы, выдатныя педагогі.
Асаблівая катэгорыя выпускнікоў, звестак аб якіх амаль не захавалася, – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Ужо ў першыя дні вайны многія нядаўнія студэнты былі прызваны ў рады Чырвонай арміі, іншыя змагаліся з ворагам у партызанскіх атрадах, у шэрагах падпольшчыкаў або самааддана працавалі ў ваенных шпіталях. Далёка не ўсе яны перажылі ваеннае ліхалецце.
Як бы далёка не сыходзілі ў гісторыю суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны, будзе вечна жывая памяць пра тых, хто сышоў зусім юным ў неўміручасць, хто абараніў Радзіму цаною свайго жыцця…
ДРАКО Міхаіл Міхайлавіч (1914-1983) добраахвотнікам пайшоў на фронт, быў курсантам, затым з мая 1942 па май 1945 г. удзельнічаў у баявых дзеяннях. У 1942-1943 гг. ваяваў у стралковай брыгадзе Заходняга фронту (начальнік адміністрацыйна-гаспадарчай часткі), у 1943-1945 гг. – у стралковай брыгадзе 3-га Беларускага фронту (начальнік часткі інтэнданцкага забеспячэння). Вайну скончыў у г. Празе ў званні гвардыі капітана інтэнданцкай службы. Вярнуўся ў г. Мінск, працягнуў службу ў ваенным шпіталі Мінскай ваеннай акругі.
М.М. Драко быў таленавітым педагогам і арганізатарам, актыўна займаўся навуковай працай. Пасля вайны браў удзел у аднаўленні факультэта, арганізацыі навучальнай і даследчай працы, правядзенні летняй практыкі студэнтаў.
Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», «За доблесную працу», двума граматамі Вярхоўнага Савета БССР, ганаровымі граматамі Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР, ганаровымі граматамі рэктарата БДУ.
ЖУРАВЕЛЬ Барыс Мікітавіч (1908-2004). У першыя дні вайны пайшоў на фронт і ваяваў да самага яе заканчэння, абараняў Маскву і вызваляў Кёнігсберг. Узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі» (1945), «За абарону Масквы» (1945), «За ўзяцце Кёнігсберга» (1945), «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» (1945).
ПЯТРОВІЧ Павел Рыгоравіч (1909-2002). У 1939 г. быў прызваны ў рады Чырвонай арміі, ваяваў на савецка-фінскім фронце, дзе атрымаў цяжкае раненне. У 1953 г. быў прызначаны дэканам біялагічнага факультэта БДУ і працаваў на гэтай пасадзе да 1972 г., шмат зрабіў для ўкамплектавання штата біялагічнага факультэта кадрамі вышэйшай кваліфікацыі. Факультэт стаў цэнтрам фундаментальнай навукі, а ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў-біёлагаў – вельмі высокім: створаны навуковыя школы па новых сучасных напрамках біялогіі, паспяхова працуюць і сёння.
ГЛАДКІ Георгій Васільевіч (1913-1999). У пачатку вайны ваяваў у партызанскім атрадзе пад камандаваннем П. П. Кульша. Са студзеня 1943 г. знаходзіўся ў партызанскай брыгадзе ім. Панамарэнкі, якая дзейнічала на тэрыторыі Мінскай і Баранавіцкай абласцей, пры дэсантнай спецгрупе КДБ ім. Дзядзькі Мішы, закінутай у тыл ворага. З гэтай дэсантнай групай 7 ліпеня 1944 г. прыбыў у сталіцу, дзе ўдзельнічаў у арганізацыі вучылішча сувязі. 20 верасня 1944 г. быў прызваны ў рады Чырвонай арміі, дзе служыў стралком у асобным батальёне сувязі маршала І. Т. Перасыпкіна. У лютым 1945 г. па хваробе звольнены з шэрагаў дзеючай арміі і пераведзены ў запас. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», 3 юбілейнымі медалямі і знакам «За доблесць і адвагу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.».
ЦЕРАХОВІЧ Вера Фёдараўна (1922-1996). У гады вайны з'яўлялася членам Старадарожскай падпольнай партыйна-камсамольскай арганізацыі, якая ўваходзіла ў склад партызанскай брыгады № 100 ім. Кірава. Барацьба камсамольцаў з нямецка-фашысцкімі акупантамі на тэрыторыі Старадарожскага раёна працягвалася да вызвалення Беларусі ў 1944 г.


BY 
