8 мая 2025 года напярэдадні Дня Вялікай Перамогі студэнты 1 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства А. Л. Садоўскай зладзілі творчую акцыю «Перамога ў нашых сэрцах». Студэнты выказалі словы ўдзячнасці нашым продкам, якія забяспечылі сучаснаму пакаленню мірнае неба і спакойнае жыццё ў вольнай Беларусі. Адзначылі, якое важнае значэнне мае святкаванне Дня Перамогі для нашага народа. Першакурснікі падрыхтавалі таксама кранальныя аповяды ваенных гісторый сваіх сямей, расказалі пра ўдзел у падзеях ваенных часоў сваіх дзядуляў і бабуль. Хтосьці з іх змагаўся на фронце або вёў барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў партызанскіх атрадах, многія працавалі ў тыле. Сучаснае пакаленне памятае пра той подзвіг, які здзейсніў наш народ у імя свабоды і незалежнасці Беларусі.
Бяльковіч Лізавета: «Кожны год дзявятага мая мы ўспамінаем ветэранаў і іх гераічны подзвіг, дзякуем за наша мірнае неба над галавой, за магчымасць не баяцца бамбёжак, не адчуваць пачуццё голаду і страху. Сёння мы ўзгадваем гераічнае мінулае нашых продкаў і схіляем галовы ў хвіліне маўчання, молімся за душы тых людзей, якія забяспечылі нам мірнае жыццё.
У гэты юбілейны год Перамогі мне хочацца расказаць пра свайго прадзеда ‒ Карыбу Віктара Сцяпанавіча, простага беларуса, якога забралі на фронт у сакавіку 1942 года, калі яму было 32 гады. Гэта быў другі Беларускі фронт. Многае давялося перажыць за час бітваў. У маі 1944 года пры фарсіраванні ракі Віслы батальён майго прадзеда быў разбіты. А яго самога цяжка параніла. Калі ачнуўся, над ім стаялі два нямецкія аўтаматчыкі. Адразу хацелі расстраляць, але потым адправілі ў палон, у якім ён прабыў цэлы год. Жыццё ў палоне было невыносна цяжкім.
Прадзядуля Віктар не любіў распавядаць пра той страшны час. Калі нешта і ўспамінаў часам, то заўсёды ў яго на вочы наварочваліся слёзы. Усе ведалі, як цяжка яму было выжыць. Ён часта прасіў Бога, каб гэты жах ніколі не паўтарыўся для яго дзяцей, унукаў, праўнукаў…».


BY

