Сэрвісы

ТВОРЧАЯ АКЦЫЯ «ПЕРАМОГА Ў НАШЫХ СЭРЦАХ»

ТВОРЧАЯ АКЦЫЯ «ПЕРАМОГА Ў НАШЫХ СЭРЦАХ»

8 мая 2025 года напярэдадні Дня Вялікай Перамогі студэнты 1 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства А. Л. Садоўскай зладзілі творчую акцыю «Перамога ў нашых сэрцах». Студэнты выказалі словы ўдзячнасці нашым продкам, якія забяспечылі сучаснаму пакаленню мірнае неба і спакойнае жыццё ў вольнай Беларусі. Адзначылі, якое важнае значэнне мае святкаванне Дня Перамогі для нашага народа. Першакурснікі падрыхтавалі таксама кранальныя аповяды ваенных гісторый сваіх сямей, расказалі пра ўдзел у падзеях ваенных часоў сваіх дзядуляў і бабуль. Хтосьці з іх змагаўся на фронце або вёў барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў партызанскіх атрадах, многія працавалі ў тыле. Сучаснае пакаленне памятае пра той подзвіг, які здзейсніў наш народ у імя свабоды і незалежнасці Беларусі.

Бяльковіч Лізавета: «Кожны год дзявятага мая мы ўспамінаем ветэранаў і іх гераічны подзвіг, дзякуем за наша мірнае неба над галавой, за магчымасць не баяцца бамбёжак, не адчуваць пачуццё голаду і страху. Сёння мы ўзгадваем гераічнае мінулае нашых продкаў і схіляем галовы ў хвіліне маўчання, молімся за душы тых людзей, якія забяспечылі нам мірнае жыццё.     

У гэты юбілейны год Перамогі мне хочацца расказаць пра свайго прадзеда ‒ Карыбу Віктара Сцяпанавіча, простага беларуса, якога забралі на фронт у сакавіку 1942 года, калі  яму было 32 гады. Гэта быў другі Беларускі фронт. Многае давялося перажыць за час бітваў. У маі 1944 года пры фарсіраванні ракі Віслы батальён майго прадзеда быў разбіты. А яго самога цяжка параніла. Калі ачнуўся, над ім стаялі два нямецкія аўтаматчыкі. Адразу хацелі расстраляць, але потым адправілі ў палон, у якім ён прабыў цэлы год. Жыццё ў палоне было невыносна цяжкім.

Прадзядуля Віктар не любіў распавядаць пра той страшны час. Калі нешта і ўспамінаў часам, то заўсёды ў яго на вочы наварочваліся слёзы. Усе ведалі, як цяжка яму было выжыць. Ён часта прасіў Бога, каб гэты жах ніколі не паўтарыўся для яго дзяцей, унукаў, праўнукаў…».

Image

Рэсурсы

Image
Image