Студэнты філалагічнага факультэта прымаюць удзел у рэспубліканскім конкурсе работ творчай моладзі «Залатое пяро “Белай Русі” – 2025», арганізаваным РАА «Белая русь» пры падтрымцы Беларускага саюза журналістаў, Міністэрства адукацыі і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама Саюза пісьменнікаў Беларусі і рэдакцый рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі. У гэтым годзе конкурс прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Ключавая ідэя для конкурсу эсэ – раскрыць ролю жанчыны ў Вялікай Айчыннай вайне.
Студэнткі розных курсаў спецыяльнасцей «Беларуская філалогія» і «Славянская філалогія» з ахвотай адгукнуліся прыняць удзел у конкурсе і падрыхтавалі свае кранальныя эсэ пра ролю жанчын у вайне. У сваіх работах дзяўчаты апяваюць подзвігі вядомых дачок савецкага народа М. Раскоўскай, З. Тусналобавай-Марчанка, А. Мазанік, М. Восіпавай, Т. Марыненка, В. Харужай, Ю. Друнінай, З. Партновай, Н. Траян, а таксама распавядаюць пра лёс на вайне сваіх прабабуль Кучаронак Надзеі Мікалаеўны, Ляйчонак Ганны Віктараўны, Жур (Токар) Вольгі Якаўлеўны, Ільюшэнка Юліі Нікіфараўны і іншых.
Бахерава Лізавета: «Дзяўчына… Жанчына… Маці… Колькі іх, абяздоленых, распятых над халоднымі могілкамі братоў і сыноў спачыла ў няяснай журбе? Колькі іх, слабых целам, але духам пад стаць мужчынам, а часам і мацнейшых? Колькі іх, ненароджаных, колькі тых, хто ўжо ніколі не зможа адбіцца ў рысах твару сваёй дачкі? Безліч! Ад 800 тысяч да 1 мільёна жанчын засталіся ў маці-зямлі пад сэрцам. І гэта толькі прыблізна. Няўжо мы маем права казаць, што ў вайны не жаночы твар?»Лычык Аліна: «Мая прабабуля была партызанкай. Яе клікалі Лесяй. І партызаніла яна з маленькай дачушкай на руках – з маёй прабабуляй Зінай. Трэба было думаць, як выжыць, як харчавацца, як абыходзіцца з дзецьмі, бо пераадольваць будзённыя цяжкасці партызанам даводзілася зусім небудзённымі метадамі. Мая прапрабабуля заўжды знаходзіла слушную мяжу паміж невымернай любоўю да ўласнага дзіцяці і адказнасцю за жыцці пабрацімаў, паміж пяшчотай, літасцю ўласнага сэрца і трываласцю. Яна змагла ўсё перажыць, з усім справіцца, усё пераадолець. Мая бабуля – само ўвасабленне моцы і любові. Мая бабуля – гераіня!»
Чубарава Аліна: «Адносна жанчын прынцыпова не хачу ўжываць слова “мужныя”. Жанчыны смелыя, рашучыя, годныя, ваяўнічыя, моцныя, здольныя трываць і ахвяраваць. Адважныя. І іх адвага – унёсак у перамогу, які нельга пераацаніць».


BY

