5 мая 2025 года ў рамках праекта БДУ «80 гутарак аб Вялікай Перамозе» на філалагічным факультэце адбылася лекцыя дацэнта кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства Вольгі Прыемка на тэму «Матыў гераічнай барацьбы ў нацыянальным фальклоры». Слухачамі лекцыі сталі студэнты 1 курса спецыяльнасці «ўсходняя філалогія», 2 курса спецыяльнасці «руская філалогія», супрацоўнікі кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства дацэнт Таццяна Марозава (загадчык) і Святлана Крылова (старшы выкладчык), загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Вера Дзянісенка.
Лекцыя суправаджалася прэзентацыяй “Успаміны, апаленыя вайной: па старонках фальклорных запісаў з Фонду вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору”, падрыхтаванай супрацоўнікамі лабараторыі. Прэзентацыя ўключае восем тэматычных блокаў, адзін з якіх прысвечаны ўдзельніку Вялікай Айчыннай вайны, блакадніку, франтавіку-ардэнаносцу, заснавальніку ўніверсітэцкай школы фалькларыстыкі, ініцыятару стварэння вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору, вучонаму-фалькларысту, дацэнту БДУ Веры Анісімаўне Захаравай.
Студэнты даведаліся пра выпрабаванні, якія выпалі на долю студэнткі-першакурсніцы, пазнаёміліся з успамінамі калег аб педагагічным майстэрстве і прафесіяналізме вучонага-фалькларыста В. А. Захаравай, якая яшчэ ў сваіх лекцыях закранула праблему мастацкай прэзентацыі матыву гераічнай барацьбы ў нацыянальным фальклоры.
Асаблівую цікавасць у слухачоў выклікалі фальклорныя творы (казкі, быліны, прыказкі), рэалізацыя матыву гераічнай барацьбы ў якіх носіць жанрава-маркіраваны характар.
Студэнтаў захапіла сіла духу абаронцаў роднай зямлі і высокапатрыятычны пафас фальклорных твораў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне.


BY

