Паслядоўна развіваючы і ўмацоўваючы міжнароднае супрацоўніцтва з ВНУ-партнёрамі, філфак прыняў удзел у рабоце Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Французская мова: традыцыі мінулага, рэаліі сучаснасці, гарызонты будучыні", якая прайшла ў Маскоўскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Канферэнцыя прысвечана 95-годдзю факультэта французскай мовы.
У вялiкiм міжнародным форуме прынялі ўдзел больш за 140 даследчыкаў: прадстаўнікі МДЛУ (г. Масква), вядучых расійскіх ВНУ і навукова-даследчых арганізацый з дзесяці гарадоў Расіі, а таксама вышэйшых навучальных устаноў з Беларусі, Азербайджана, Францыі, Кот д’Івуара, Кітая. Рэспубліка Беларусь была прадстаўлена Беларускім дзяржаўным універсітэтам і Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам.
Падчас правядзення пленарных пасяджэнняў вядучыя спецыялісты падзяліліся вынікамі работы ў межах гуманітарных ведаў. Даклады пленарных пасяджэнняў датычыліся шырокага кола навуковых даследаванняў: праблем мовы і трансферу ведаў, розных аспектаў развіцця сучаснай французскай мовы ў лічбавую эпоху, пытанняў французскай мовы ў Афрыцы ў кантэксце дыферэнцыяцыі і інтэграцыі франкафаніі, спецыфікі рэпрэзентацыі рускіх і Расіі ў франкафонных коміксах, транслінгвальным мастацкім тэксце, семантыка-функцыянальнага патэнцыялу оніма ў мастацкім творы. Былі прадстаўлены правансальскія культурныя коды ў эмацыйнай карціне свету носьбітаў сучасных раманскіх моў, праведзены аналіз праблем месца і ролі французскай мовы на фоне моўнай разнастайнасці ў Кот-д’Івуары, разгледжаны падыходы ў навучанні граматыкi, абазначаны контуры глабальных трансфармацый у галіне перакладазнаўства і прафесійнага перакладу.
Загадчык кафедры раманскага мовазнаўства Аляксей Тучынскі, які стаў членам праграмнага камітэта канферэнцыі, прадставіў пленарны даклад «Аб выкладанні французскай мовы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце: традыцыі і інавацыі», а таксама выступіў з дакладам «Уласныя імёны ў парэміялагічнай карціне свету (на матэрыяле французскай, рускай і беларускай моў)» у межах работы секцыі "Французская мова і лінгвакультуралогія".
У ходзе канферэнцыі была арганізавана работа секцый "Французская мова і лінгвадыдактыка", "Французская мова і кагнітыўна-дыскурсіўныя даследаванні", "Французская мова і лінгвакультуралогія", "Французская мова і перакладазнаўства", "Французская мова і дыяхранічныя даследаванні", "Французская мова і сучасныя напрамкi лiнгвiстыкi", секцыі маладога даследчыка.
У межах канферэнцыі адбыўся круглы стол студэнцкай франкафоннай супольнасці "La langue française qui unit la diversité сulturelle", майстар-клас па пытаннях сучаснага французскага вымаўлення і асаблівасцям пастаноўкі фанетыкі на занятках французскай мовы. Майстар-клас «Лінгвістычныя падыходы да даследавання эфектыўнасці камунікацыі» быў прысвечаны спецыфіцы камунікацыі ў сучаснай этнакультурнай прасторы і вывучэнні феномену «échec communicatif» у франкамоўным асяроддзі. Майстар - клас "Спецыфіка французскай арфаграфіі: ад вытокаў да сучаснай французскай мовы" раскрыў асаблівасці эвалюцыі французскай арфаграфіі ад ancien français да français moderne і растлумачыў цяжкасці правапісу ў сучаснай французскай мове з пазіцый дыяхраніі. Адбылася прэзентацыя манаграфіі прафесара Валерыя Кузняцова "Структурна-семіялагічны і кагнітыўны аспекты вывучэння мовы".
Па выніках работы вялiкага міжнароднага форуму было прынята рашэнне праводзіць Міжнародную навуковую канферэнцыю "Французская мова: традыцыі мінулага, рэаліі сучаснасці, гарызонты будучыні" на рэгулярнай аснове.



BY 
