29 верасня 2026 г. на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася прафарыентацыйна-выхаваўчая акцыя «Школа – трамплін у жыццё і прафесію». Арганізатарам мерапрыемства выступіла кафедра рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры (дацэнт Ірына Мікалаеўна Саматыя, загадчык кафедры Андрэй Аляксандравіч Акушэвіч).
Мэтай акцыі былі перадача прафесійнага вопыту ад старэйшага пакалення да маладога (студэнтам спецыяльнасцей «Беларуская філалогія», «Руская філалогія» і «Славянская філалогія»), узмацненне практыка-арыентаванасці навучання, выхаванне сучаснага педагога, садзейнічанне выбару кар'ернай траекторыі.
Адкрыў мерапрыемства дэкан філалагічнага факультэта БДУ Сяргей Аляксандравіч Важнік.
І. М. Саматыя, мадэратар сустрэчы, фармат якой прадугледжваў адкрыты дыялог моладзі з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання, вядомымі педагогамі і прафесіяналамі, пазнаёміла аўдыторыю з асобнымі старонкамі гісторыі факультэта і дасягненнямі яго выпускнікоў.
Перад студэнтамі выступіў намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, выпускнік філалагічнага факультэта 2001 года Андрэй Валер'евіч Стрыгельскі, які падзяліўся сваім багатым вопытам, расказаў аб магчымасцях, звязаных з работай ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, і адзначыў, што веданне методыкі неабходна, але галоўнае – быць шчырымі і неабыякавымі.
З вітальнымі словамі звярнуліся да студэнтаў выпускнікі 1976 года:
Васіль Дзянісавіч Старычонак, дэкан філалагічнага факультэта УА «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка», доктар філалагічных навук, прафесар;
Людміла Мікалаеўна Дзіцэвіч, паэтка, псіхолаг, педагог;
Алег Аляксандравіч Драбышэўскі, вядомы беларускі мастак;
Людміла Міхайлаўна Раманоўская, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі».
Спікеры падзяліліся ўспамінамі пра гады вучобы на філалагічным факультэце БДУ, расказалі пра свой прафесійны шлях, паказалі, як веды, атрыманыя ва ўніверсітэце, і праца ў школе дапамаглі ім у станаўленні.
Фінальным акордам сустрэчы стаў інструментальны нумар навучэнцаў ДУА “Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі”.
Мерапрыемства было напоўнена цёплымі эмоцыямі і стала яскравым прыкладам пераемнасці пакаленняў. Акцыя натхніла студэнтаў на прафесійнае і асобаснае развіццё, дапамагла ім знайсці адказы на важныя пытанні.








BY

