Мэта дыскусійнага клуба - прадэманстраваць стан распрацоўкі тэарэтыка-метадалагічных і метадычных праблем у сучаснай фалькларыстыцы і этналогіі. Заключнай стадыяй дыскусіі з'яўляецца выяўленне "болевых" кропак навукі з мэтай стымуляцыі даследчых пошукаў у дадзеным напрамку, з дапамогай якіх уся навуковая сістэма фалькларыстыкі, асабліва яе маладое крыло, настройваецца на максімальныя канчатковыя вынікі, г. зн. на прарыў.
Маніторынг фалькларыстычнага працэсу і аналітычныя даведкі, на думку ініцыятараў утварэння клуба, дазволяць зразумець карціну суадносінаў стыхійных, модных і фундаментальных кірункаў у сучаснай навуцы, пабачыць, ці дастатковы навуковы патэнцыял вучоных і інфармацыйнае забеспячэнне для вырашэння актуальных задач альбо становішча пагаршаецца. Аналіз сучасных навуковых канцэпцый і падыходаў сувымяраецца з агульным станам фалькларыстыкі ў Еўропе і Амерыцы з мэтай прадугледзець аператыўныя меры (мэтавыя гранты) па падтрымцы наватарскіх пошукаў у вобласці тэорыі і метадалогіі. Ён служыць асновай для абгрунтаванага прыцягнення да рашэння праблем спецыялістаў з сумежных вобласцей - тэорыі літаратуры, тэорыі культуры, сістэмалогіі, міфалогіі, культуралогіі і г. д.
Распрацоўка стратэгіі навуковых даследаванняў не з'яўляецца мэтай дыскусійнага клуба, але правільнае вызначэнне "белых плям" айчыннай навукі зусім не выключаецца.
Кола пытанняў, па якiх вялася дыскусiя 10 кастрычніка 2010 года, паказала, што ў асэнсаваннi культуры, якая мае справу з жывым, бясконцым творчым працэсам, вынiкi якога непрадказальныя, нiколi не бывае канчатковасцi, завершанасцi. Да таго ж культурная спадчына настолькi шматмернае ўтварэнне, што дастаткова змянiць пункт погляду, ракурс яе бачання або аспект даўно вядомай тэмы, праблемы, як высвецяцца новыя гранi таго, што здавалася б знаёмым, зразумелым, вырашаным. Таму надзвычай актуальнай падалася тэма абмеркавання - «Фальклор - мiфалогiя - мiфапаэтыка». З прывiтальным словам да ўдзельнiкаў i сябраў клуба звярнуўся намеснiк дэкана фiлалагiчнага факультэта БДУ Павел Навойчык. Сустаршынi клуба - лiтаратар Мiхась Кенька (БДУ), культуролаг Вячаслаў Калацэй (БДУКiМ) i фалькларыст Алесь Лозка (БДПУ) - вызначылi праблемнае поле дыскусiі.
Ключавое пытанне:
Ці задаволены вы станам даследавання праблем міфалогіі і міфапаэтыкі беларускімі і замежнымі аўтарамі?
У праблематыцы асобна былі вылучаны наступныя пытанні.
1. Праблема інтэрпрэтацыі міфалагічнага персанажа.
2. Праблема лакун у беларускім фальклоры (напрыклад, чаму ў фальклоры вобраз зніклага тура адлюстраваны, а зубр, які характэрны для Беларусі, - не? Чаму слаба дыферэнцыяваны ў міфапаэтычнай прасторы беларусаў рыбы?)
3. Праблема адэкватнай інтэрпрэтацыі навуковай спадчыны міфолагаў мінулых стагоддзяў (Павел Шпілеўскі, Адам Кіркор і іншыя міфолагі), якія яўна апрацоўвалі фальклорную спадчыну. Як разумець сцверджанне беларускага даследчыка: «Такой колькасці багоў /52/ не ведаў ніхто са славянскіх народаў, і беларусы сваёй міфалогіяй цяпер, пасля працы П.Шпілеўскага, маглі б спаборнічаць са старажытнымі грэкамі і рымлянамі»?
Было прапанавана на разгляд таксама пытанне стану вывучэння міфалогіі ў адукацыйных установах (дысцыпліны, курсы, факультатывы, колькасць гадзін, праблемы).
Як i раней, самымi актыўнымi iнiцыятарамi сустрэчы сталi выкладчыкi кафедры тэорыi лiтаратуры БДУ (загадчык - Вячаслаў Рагойша) i супрацоўнiкi вучэбна-навуковай лабараторыi беларускага фальклору БДУ (загадчык - Таццяна Марозава).
Па пытаннях, якiя былi ўключаны ў праблемнае поле дыскусii, выказвалiся ўсе ўдзельнікі клуба. Асаблiвай актыўнасцю ў дыскусii вызначылiся Алесь Лозка, ВячаслаўКалацэй, Рыма Кавалёва, Алена Боганева, Таццяна Валодзіна.
Наступнае пасяджэнне плануецца правесцi ў красавіку 2011 г. на базе БДУКіМ.
Да ўдзелу ў мiжунiверсiтэцкiм дыскусiйна-аналiтычным клубе «Cogito» запрашаюцца ўсе зацікаўленыя!
Рыма Кавалёва
Вольга Прыемка


BY 
