Адкрыла навуковыя чытанні, прысвечаныя 80-годдзю з дня нараджэння А.А. Лойкі, загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры прафесар Т.І. Шамякіна. Яна падкрэсліла, што талент А.А. Лойкі належаў да таго тыпу ўнутранага пісьменніцкага і даследчыцкага самавызначэння, якога так не хапала тагачаснай беларускай літаратуры, а ў сваім грунтоўным дакладзе "Алег Лойка - аўтар падручнікаў для ВНУ" адзначыла, што А.А. Лойка з"яўляецца аўтарам шматлікіх публікацый, у тым ліку каля дзесяці манаграфій, двухтомнага падручніка для філалагічных факультэтаў універсітэтаў "Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд", у якіх даследаваліся праблемы рэалізму і рамантызму, фалькларызму паэзіі, заканамернасці развіцця беларускай лірыкі і эпасу, літаратурныя сувязі і інш.
Дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры У.А. Навумовіч, які вёў навуковыя чытанні, таксама адзначыў рэфарматарскі патэнцыял творчасці А.А. Лойкі, яго незгасальнае творчае імкненне быць разам са сваімі вучнямі, гаварыць і тварыць для іх і адчуваць у адказ іхнюю эмацыянальна-духоўную аддачу.
Загадчык кафедры тэорыі літаратуры прафесар В.П. Рагойша у сваім дакладзе "Алег Лойка: даследчык - пісьменнік - чалавек" падкрэсліў маштаб зробленага А.А. Лойкам на карысць беларускай літаратуразнаўчай навукі, паэзіі, прозы, публіцыстыкі і эсэістыкі, а таксама прааналізаваў асаблівасці яго ўласнааўтарскага стылю: інтэлектуальную вольнасць, вынаходлівасць і нечаканасць думкі, вобразную насычанасць стылю, вострую назіральнасць, багатую эстэтычную параўнальнасць літаратурных з"яў і інш. Напрыканцы свайго выступлення В.П. Рагойша падзяліўся ўласнымі ўспамінамі пра агульныя сямейныя вандроўкі па Беларусі, на Украіну, паездкі на малую радзіму ў Ракаў і Слонім.
Доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт АН Беларусі М.І. Мушынскі ў дакладзе "Кнігі "Галгофа" і "Дрэва жыцця" А. Лойкі як вяхі на шляху развіцця беларускага літаратуразнаўства" адзначыў, што А.А. Лойка як даследчык заўсёды імкнуўся глыбей пранікнуць у эстэтычную рэальнасць твора, адчуць заканамернасці літаратурнага працэсу, спалучыць гістарычны аспект даследавання з тэарэтычным і інш.
У слове інака Мікалая са Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра прагучаў скрушны ўспамін пра апошнія гады і дні жыцця А.А. Лойкі, які да апошняга працаваў, жыў клопатамі пра родную літаратуру і яе развіццё, папаўненне яе фондаў, у тым ліку і з архіваў Жыровіцкага манастыра. Будучы ўжо цяжка хворым, А.А. Лойка пераклаў на беларускую мову паэму невядомага аўтара, знойдзеную незадоўга да гэтага ў Жыровіцкай абіцелі, і назваў яе "Стагоддзяў жырандоля".
Былыя вучні А.А. Лойкі і выхаванцы творчай суполкі" Узлёт", нязменным кіраўніком якой на працягу доўгага часу ён быў, драматург і прафесар кафедры гісторыі беларускай літаратуры С.В. Кавалёў ( даклад на тэму "Алег Лойка - кіраўнік літаб"яднання "Узлёт") і прафесар кафедры беларускай літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Г.М. Праневіч ( "Алег Лойка - педагог") з удзячнасцю ўспаміналі, што асабісты прыклад паводін і творчых узаемадачыненняў іх настаўніка стаў для іх, а таксама для іншых выкладчыкаў і студэнтаў, вышэйшым класам літаратуразнаўчай і жыццёвай школы.
Пісьменнік У. Дамашэвіч выступіў з дакладам на тэму "Алег Лойка - студэнт (па ўспамінах аднакурсніка)", у якім з вялікай цеплынёй прыгадаў паступленне ў 1948 годзе на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, гады сумеснай вучобы, эрудыраванасць студэнта Алега Лойкі , а таксама яго неадольнае жаданне працаваць на карысць беларускай літаратуразнаўчай навукі.
Вітальнае і ўдзячнае слова ўдзельнікам і гасцям юбілейных навуковых чытанняў даслалі родныя і блізкія А.А.Лойкі: дачка Антаніна Алегаўна і яе муж, прафесар Маскоўскага ўніверсітэта А. Фядотаў. У навуковых чытаннях таксама прынялі ўдзел унук А.А. Лойкі В. Шэлемаў, а таксама дацэнт кафедры рускай літаратуры Белдзяржуніверсітэта У. Верына.
У рамках юбілейных навуковых чытанняў, прысвечаных 80-годдзю з дня нараджэння А.А. Лойкі, была арганізавана выстава навуковых публікацый і кніжных выданняў вучонага і пісьменніка пад агульнаю назвай "Прызнанне радзіме", прадстаўлена камп'ютэрная прэзентацыя рэдкіх фотаздымкаў з архіваў сям"і і філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.


BY 
