Сэрвісы

Віншуем!

У першы дзень новага года адзначыў 60-гадовы юбілей доктар філалагічных навук прафесар МІКАЛАЙ РЫГОРАВІЧ ПРЫГОДЗІЧ.

Так сталася, што яго лёс знітаваны з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, у сценах якога Мікалай Рыгоравіч прайшоў шмат жыццёвых прыступак: быў студэнтам і аспірантам, працаваў выкладчыкам і дацэнтам, абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, дасягнуў звання прафесара і вось ужо хутка 20 гадоў нязменна ўзначальвае кафедру гісторыі беларускай мовы.

Пра навуковыя зацікаўленні і дасягненні юбіляра красамоўна сведчаць больш за 300 напісаных ім (і пры яго ўдзеле) прац, сярод якіх манаграфіі“Шчодрасць слова” (1990), “Словаскладанне ў беларускай мове” (2000), “Беларускае мовазнаўства” (2006), “Беларуская мова ў працах замежных лінгвістаў” (2010), “Герман Бідэр як даследчык беларускай мовы” (2007),слоўнікі “Асобна, разам, праз дэфіс: Слоўнік-даведнік” (1994), “Старабеларускі лексікон” (1997), “Пішам без памылак: Асобна, разам, праз дэфіс” (2002), “Слоўнік сучаснай беларускай мовы” (2009, 2010), а таксама  дапаможнікі, вучэбныя, метадычныя і навукова-папулярныя выданні і артыкулы. Мікалай Рыгоравіч адносіцца да ліку тых лінгвістаў, якія не абмяжоўваюцца ў сваіх навуковых зацікаўленнях адной-дзвюма досыць вузкімі тэмамі: з уласцівай яму грунтоўнасцю і ўвагай ён даследуе праблемы як гісторыі беларускай мовы, так і яе сучаснага стану, асвятляе гісторыю беларускага мовазнаўства і, дзякуючы такой шырыні сваіх навуковых інтарэсаў і поглядаў, з’яўляецца адным з самых кампетэнтных, дасведчаных і аўтарытэтных беларускіх лінгвістаў. Тут у самы раз будзе заўважыць, што прозвічша і навуковыя працы Мікалая Рыгоравіча Прыгодзіча вядомыя не толькі ў айчынным мовазнаўстве. Ён выступаў адным з каардынатараў міжнароднага праекта “Змены ў сучасных славянскіх мовах: 1945–1995”, які курыраваўся ЮНЕСКА і выконваўся ў Апольскім універсітэце (Польшча, 1990–1998), быў дакладчыкам на ХІІІ Міжнародным з’ездзе славістаў (Славенія, 2003), апошнім часам актыўна супрацоўнічае з універсітэтам у Альдэнбургу (Германія) у сувязі з выкананнем фундаментальнага агульнаславістычнага праекта “Германскія запазычанні ў славянскіх мовах”.

Звычайна, калі гавораць пра знакамітага навукоўца, то называюць яго працы, адзначаючы іх ролю ў даследаванні той ці іншай праблемы, навізну і глыбіню, арыгінальнасць падыходу і г.д. Аднак, калі навуковец яшчэ і выкладае, то ён займаецца складаннем і распрацоўкай вучэбна-метадычных выданняў і дакументаў, неабходных для вучэбнага працэсу. А справа гэтая няпростая і на першы погляд нябачная. Сёння ўсе ВНУ краіны, якія рыхтуюць філолагаў-беларусазнаўцаў, працуюць па адукацыйным стандарце, створаным пры ўдзеле Мікалая Рыгоравіча; выкладанне дысцыплін “Беларуская палеаграфія”, “Беларуская мова (Прафесійная лексіка)”, “Гісторыя беларускага мовазнаўства” вядзецца ў адпаведнасці са складзенымі ім і пры яго ўдзеле тыпавымі праграмамі. І гэта толькі найбольш бачная частка.

 

Мікалай Рыгоравіч умее і любіць працаваць з моладдзю, ён адчувае і ведае, як і чым зацікавіць менавіта гэтага студэнта, як дапамагчы яму знайсці свой шлях у навуцы. Пад кіраўніцтвам Мікалая Рыгоравіча напісана багата курсавых, дыпломных і магістарскіх прац, частка з якіх ператварылася ў больш буйныя даследаванні. Сёння ўжо шэсць кандыдатаў навук могуць ганарыцца тым, што Микалай Рыгоравіч з’яўляўся іх навуковым кіраўніком.

Часам застаецца толькі здзіўляцца, як паспявае адзін чалавек плённа займацца навукай, выкладаць і сумяшчаць шматлікія арганізацыйныя абавязкі – на сённяшні дзень М.Р.Прыгодзіч з’яўляецца старшынёй Экспертнага савета па мовазнаўстве Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, членам секцыі філалогіі вучэбна-метадычнага аб’яднання ВНУ Рэспублікі Беларусь,намеснікам старшыні Камітэта па прысуджэнні прэміі імя У.Пічэты (па філалогіі), членам вучонага савета філалагічнага факультэта, а таксама намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Веснік БДУ” (серыя ІV), часопіса “Роднае слова”, членам рэдкалегіі часопіса “Беларуская мова і літаратура” і інш.

Такая шчырая адданасць сваёй справе і сумленнае выкананне абавязкаў з’яўляюцца ўзорам для пераймання і ствараюць адпаведную атмасферу на кафедры, якой ён кіруе. Як загадчык Мікалай Рыгоравіч заўсёды ўважлівы да супрацоўнікаў, тактоўны і ветлівы, умее стварыць прыдатную працоўную абстаноўку, пры неабходнасці своечасова падкажа і дасць параду – адным словам, клапоціцца пра тое, каб кафедра з’яўлялася такім месцам працы, куды супрацоўнікі прыходзяць з задавальненнем.   

Актыўная працоўная і грамадская дзейнасць М.Р.Прыгодзіча адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1986), нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” (2003), а таксама Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэтаі інш.

Шчыра жадаем паважанаму Мікалаю Рыгоравічу плёну ў працоўнай і навуковай дзейнасці, душэўнага ладу і спакою, духоўнай моцы, здароўя і дабрабыту!

{gallery}2013-01-03{/gallery}

Image

Рэсурсы

Image
Image