Сэрвісы

Юбілей кафедры гісторыі беларускай мовы

У красавіку 1993 года на філалагічным факультэце БДУ была створана асобная кафедра гісторыі беларускай мовы. Яе супрацоўнікамі сталі такія вядомыя лінгвісты, як прафесар Л. М. Шакун, дацэнт Е. С. Мяцельская, дацэнт І. М. Шчарбакова, дацэнт, а праз год ужо прафесар В. П. Красней. Традыцыі, закладзеныя імі, падтрымліваюцца і развіваюцца на кафедры і сёння. У першапачатковы склад кафедры ўваходзілі таксама старшы выкладчык І. А. Каралёва, дацэнты Г. І. Кулеш, В. П. Трайкоўская, Г. К. Ціванова, выкладчыкі І. Ф. Лысенка, А. Ф. Клімовіч, І. А. Гапоненка. Узначаліў кафедру і вось ужо 20 гадоў бяссменна і клапатліва кіруе ёй прафесар доктар філалагічных навук М. Р. Прыгодзіч.

“Памятаючы пра мінулае, рухацца ў будучыню” – гэтыя словы з поўным правам можна назваць навуковым дэвізам кафедры гісторыі беларускай мовы. І гэта невыпадкова, бо асноўныя напрамкі дзейнасці кафедры – гісторыя беларускай мовы і мовазнаўства, палеаграфія, дыялекталогія, сучасная лексікалогія і лексікаграфія, прафесійная лексіка і тэрміналогія. Супрацоўнікі кафедры даследуюць мову твораў старажытнага беларускага пісьменства (выданні Скарыны, Буднага, Цяпінскага і інш., перакладныя аповесці, рэлігійна-палемічныя тэксты, інтэрмедыі, інтэрлюдыі і інш.), займаюцца вывучэннем дыялектнага і змешанага маўлення, моўных асаблівасцей сучасных майстроў слова. У навуковых даследаваннях членаў кафедры праводзіцца асэнсаванне такіх складаных праблем, як роля царкоўнаславянскай мовы ў гісторыі беларускага пісьменства, гістарычная аснова беларускай мовы, моўныя арыенціры і словаўтваральныя працэсы, развіццё беларускага мовазнаўства, вывучаецца гісторыя фарміравання і развіцця беларускай нацыянальнай тэрміналогіі, вывучаецца лексіка (у тым ліку і дыялектная), фразеалогія, айканімія, графіка, даследуюцца праблемы ўдасканалення беларускага правапісу, развіцця канфесійнай лексікі і інш.

Вынікам дзейнасці супрацоўнікаў кафедры з’яўляецца значная колькасць навуковых і вучэбных выданняў, слоўнікі, вучэбна-метадычныя комплексы, метадычныя распрацоўкі і інш.: «Гісторыя беларускага мовазнаўства» (Л. Шакун), «Гістарычная граматыка беларускай мовы: зборнік практыкаванняў» (У. Анічэнка, М. Прыгодзіч), «Сучасная беларуская мова» (В. Красней, І. Шчарбакова і інш.), «Графіка і арфаграфія беларускіх выданняў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя» і «Лексіка беларускай літаратурнай мовы ХІХ – пачатку ХХ ст.: асаблівасці станаўлення і развіцця» (І. Гапоненка), «Гісторыя беларускага мовазнаўства: хрэстаматыя (1918 – 1940): у 2-х ч.» (укладальнікі С. Запрудскі, Г. Кулеш), «Беларуская дыялекталогія ў табліцах і схемах: у 2-х ч.» (І. Гапоненка, В. Трайкоўская), «Гістарычная марфалогія беларускай мовы: матэрыялы для практычных заняткаў у 2-х ч.» (М. Свістунова, Г. Ціванова), «Беларускае мовазнаўства» (М. Прыгодзіч), метадычныя распрацоўкі і падручнікі па беларускай мове для вучняў 4–6 класаў школ з беларускай мовай навучання (В. Красней, Я. Лаўрэль), серыя з 4-х дапаможнікаў «Рэпетытар па беларускай мове» (Г. Кулеш, Г. Ціванова), «Тэставыя заданні па арфаграфіі і пунктуацыі беларускай мовы»і«Беларуская мова ў экзаменацыйных тэстах» (Т. Смольская). Супрацоўнікікафедры папоўніліколькасць айчынных лексікаграфічных выданняў складзенымі імі, абопры іх удзеле слоўнікамі«Из античной мудрости» (І. Шчарбакова, Н. Ганчарова), «Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў» (І. Шчарбакова і інш.),«Асобна, разам, праз дэфіс» (М. Прыгодзіч), «Пішам без памылак: разам, асобна, праз дэфіс» (М. Прыгодзіч), «Старабеларускі лексікон» (М. Прыгодзіч, Г. Ціванова), «Слоўнік сучаснай беларускай мовы» (М. Прыгодзіч іінш.).Г. Ціванова прымала ўдзел у падрыхтоўцы да друку 13–24 выпускаў «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», І. Гапоненка задзейнічана ў распрацоўцы нарматыўнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», а таксама «Слоўніка мовы “Нашай Нівы”».

Плённа працуюць члены кафедры і над стварэннем дапаможнікаў і слоўнікаў па беларускай прафесійнай лексіцы – ужо пабачылі свет «Беларуская мова: эканамічная лексіка» (А. Губкіна, В. Зразікава), «Беларуская мова для біёлагаў» (Т. Смольская), «Беларуская мова: юрыдычная лексіка» (Т. Смольская), «Кітайска-беларускі бізнес-дыялог» і «Китайско-русско-белорусский разговорник» (Т. Смольская і інш.). Важны ўзнёсак у беларускае мовазнаўства – рэфератыўна-бібліяграфічныя даведнікі «Прафесар Леў Міхайлавіч Шакун» (В. Красней, Б. Плотнікаў, В. Трайкоўская), «Герман Бідэр як даследчык беларускай мовы» (М. Прыгодзіч, А. Прыгодзіч); прафесар М. Прыгодзіч і прафесар І. Роўда падрыхтавалі да друку і выдалі двухтомны даведнік І. Германовіча «Беларускія мовазнаўцы».

Супрацоўнікі кафедры – зацікаўленыя сваёй справай даследчыкі і навукоўцы, а таму стараюцца прымаць удзел у разнастайных навуковых мерапрыемствах, што праводзяцца як у нашай краіне, так і за яе межамі. Ім даводзілася выступаць на навуковых канферэнцыях і кангрэсах у Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Літве, Македоніі, Польшчы, Расіі, Украіне. Дацэнт С. Запрудскі выступіў з дакладамі на ХІІ і ХIVМіжнародных з’ездах славістаў (Кракаў, 1998; Охрыд, 2008). У рабоце ХІІІ з’езда славістаў удзельнічалі М. Прыгодзіч і С. Запрудскі (Любляна, 2003). Шчыра прымае кафедра навукоўцаў з розных краін у сябе падчас канферэнцый, якія ладзяцца самой кафедрай, пачынаючы з першага года яе існавання: «Пісьменнік – мова – стыль» (1996, 2001, 2005), «Беларуская мова ў другой палове ХХ стагоддзя» (1997), «Мова ў святле класічнай спадчыны і сучасных парадыгм: VІІІ Міжнародныя Карскія чытанні» (2000, сумесна з ГрДУ), навуковыя чытанні, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння прафесара М. А. Жыдовіч (2006), «Беларуска-польскія літаратурныя, моўныя і гістарычныя сувязі (да 125-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа)» (2007, сумесна з Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў і Польскім таварыствам беларусістаў), навуковыя чытанні, прысвечаныя 220-годдзю з дня нараджэння І. І. Насовіча (2008), прысвечаныя памяці А. І. Жураўскага (2009), Е. С. Мяцельскай (2011), рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Беларуская арфаграфія: здабыткі і перспектывы» (2011).

Пра кампетэнтнасць, навуковы і педагагічны патэнцыял кафедры сведчаць васямнаццаць падрыхтаваных і паспяхова абароненых пад кіраўніцтвам яе спрацоўнікаў кандыдацкіх дысертацый (І. Гапоненка, І. Клімаў, Б. Сегень, Т. Капяйко, А. Лапкоўская, М. Свістунова, А. Губкіна, Н. Перавалава, Ю. Лук’янюк, Г. Малько, А. Макарэвіч, В. Бандаровіч, В. Басько, М. Юнаш, В. Зразікава, Ю. Аляхновіч, Г. Чараповіч, Т. Кісель). Загадчык кафедры Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч у 2000 годзе абараніў доктарскую дысертацыю. Плённая праца над кандыдацкімі і доктарскімі даследаваннямі вядзецца на кафедры і сёння.

Кафедра гісторыі беларускай мовы ў сучаснасці – згуртаваны калектыў, члены якога не проста аб’яднаныя агульнымі прафесійнымі задачамі і праблемамі супрацоўнікі, але і асобы, якія ствараюць і падтрымліваюць спрыяльную працоўную і, разам з тым, дабразычлівую сяброўскую атмасферу, якая сама па сабе ўжо стала традыцыяй кафедры. А традыцыі неабходна захоўваць і перадаваць – на кафедры гісторыі беларускай мовы гэта добра ведаюць і разумеюць. Працоўнага плёну, новых навуковых дасягненняў, асабістага шчасця і дабрабыту ўсім супрацоўнікам кафедры!

{gallery}2013-04-29{/gallery}

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.