Сэрвісы

Прэзентацыя кнігі вершаў Тараса Шаўчэнкі ў перакладзе на беларускую мову “І мёртвым, і жывым, і ненароджаным…”

Філалагічны факультэт БДУ і Беларуская асацыяцыя ўкраіністаў (БАУ) правялі прэзентацыю кнігі вершаў Тараса Шаўчэнкі ў перакладзе на беларускую мову “І мёртвым, і жывым, і ненароджаным…”. Укладальнікамі гэтага ўнікальнага выдання з’яўлюцца выкладчыкі філалагічнага факультэта БДУ дацэнт кафедры славянскіх літаратур Т. В. Кабржыцкая і загадчык кафедры тэорыі літаратуры прафесар В. П. Рагойша. Выхад зборніка прымеркаваны да 200-годдзя з дня нараджэння класіка ўкраінскай літаратуры. Грунтоўны том змяшчае не толькі пераклады вершаў і паэм Кабзара на беларускую мову, але і агляд творчага шляху, каментары, якія дазваляюць чытачу стварыць больш поўнае ўяўленне пра асобу паэта, мастацкую адметнасць яго творчай спадчыны і пра сувязі Тараса Шаўчэнкі з Беларуссю і беларускай літаратурай.

Прэзентацыю вёў старшыня БАУ, намеснік дэкана філалагічнага факультэта дацэнт П. І. Навойчык. Ва ўступным слове ён адзначыў унікальнасць выдання, а таксама пакрэсліў важкасць укладу Т. В. Кабржыцкай і В. П. Рагойшы ў беларускае шаўчэнказнаўства. Студэнты-славісты прачыталі знакаміты “Заповіт” ўкраінскага песняра на розных мовах свету, з беларускім варыянтам гэтага верша выступіў адзін з укладальнікаў выдання і аўтар перакладу В. П. Рагойша. Сваімі думкамі пра значэнне творчасці Кабзара, сваімі ўражаннямі пра новы збор перакладаў Т. Шаўчэнкі з прысутнымі ў аўдыторыі студэнтамі і выкладчыкамі падзяліліся галоўны рэдактар ЛіМа Т. М. Сівец, навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры НАН РБ Ж. С. Шаладонава, намеснік дэкана дацэнт М. М. Хмяльніцкі, дацэнт А. Л. Верабей. Т. М. Сівец прачытала таксама свае пераклады Шаўчэнкі на беларускую мову. Укладальнікі кнігі, у сваю чаргу, распавялі аб тым, як ішла падрыхтоўка выдання, якой была задума і наколькі яна рэалізавалася. У канцы прэзентацыі П. І. Навойчык ад імя ўсіх прысутных падзякаваў Т. В. Кабржыцкай і В. П. Рагойшу за гэты цудоўны падарунак для ўсіх беларусаў, хто любіць і шануе паэзію вялікага Кабзара Украіны.

{gallery}2014-05-21{/gallery}

Image

Рэсурсы

Image
Image