З 27 па 28 чэрвеня 2014 г. на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшла традыцыйная міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі”, якая адбываецца штогод папераменна ў Беларусі і Польшчы. Сёлетняя канферэнцыя – ХХІІІ з гэтага цыклу – стала добрым працягам існуючай традыцыі і сабрала зацікаўленых навукоўцаў з Беларусі (Мінск, Магілёў) і Польшчы (Аполе, Беласток, Варшава, Люблін), а таксама Германіі (Ольдэнбург). Арганізатарамі канферэнцыі выступілі грамадскае аб’яднанне “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў” i філалагічны факультэт БДУ пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску.
27 чэрвеня 2014 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё канферэнцыі, на якім з прывітальнымі словамі выступілі старшыня рэспубліканскага аддзялення ГА “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў” дацэнт БДУ І. Э. Багдановіч, дэкан філалагічнага факультэта доктар філалагічных навук прафесар І. С. Роўда, старшыня ГА “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў” акадэмік доктар гістарычных навук прафесар М. П. Касцюк, якія адзначылі важнасць правядзення такіх канферэнцый для ўмацавання міжкультурнага дыялогу паміж нашымі народамі, паглыблення супрацоўніцтва ў адукацыйнай і навуковай сферы, узаемаразумення і наладжвання непасрэдных творчых кантактаў паміж навукоўцамі розных краін. Падчас адкрыцця канферэнцыі за шматгадовую плённую дзейнасць ў галіне беларусістыкі і ў сувязі з юбілеем быў ушанаваны ганаровай граматай старшыня Польскага таварыства беларусістаў доктар габілітаваны надзвычайны прафесар універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне (Польшча) дырэктар Інстытута славянскай філалогіі, кіраўнік кафедры беларусістыкі Міхал Саевіч.
На пленарным пасяджэнні былі выслуханы чатыры даклады: прафесара Міхала Саевіча (Люблін) “Rejestr pomiary włócznej z 1560 roku jako najwcześniejsze źródło wiedzy o imiennictwie XVI-wiecznych mieszkańców miasta Kleszczele i okolic na Podlasiu”, доктара філалагічных навук дацэнта БДУ Жанны Некрашэвіч-Кароткай (Мінск) “«Польскасць»– «беларускасць»у літаратуры ХІХ ст.: стратэгіі ідэнтыфікацыі ў сучасным літаратуразнаўчым дыскурсе”, ганаровага старшыні ГА “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў” доктара філалагічных навук прафесара Адама Мальдзіса (Мінск) “Кракаўскі музей Эмерыка Гутэн-Чапскага: подзьвігці здрада?”, намеснікадырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі кандыдата культуралогіі Алеся Сушы (Мінск) “Кніжная спадчына Беларусі ў польскіх зборах: перспектывы вывучэння і сумеснага выкарыстання”.
На працягу двух дзён, 27–28 чэрвеня, працавалі тры секцыі: мовазнаўчая, літаратуразнаўчая, а таксама секцыя гісторыі і культуралогіі. У іх працы ўдзельнічалі 36 навукоўцаў з Беларусі, Польшчы, а таксама Германіі.
Тэматычнае поле канферэнцыі вылучалася разнастайнасцю і актуальнасцю, нязменнай цікавасцю да феномена пагранічча, супольнага сужыцця нашых народаў на працягу многіх вякоў у мінулым, што адлюстравалася ў моўных асаблівасцях, гістарычных і культурных стасунках, па-свойму адбілася ў літаратурных творах. Не змяншаецца ўвага даследчыкаў і да заходнебеларускай тэматыкі, якая таксама складае асаблівы гістарычны і культурны феномен памежжа. Нязменнай увагай карыстаюцца і сучасныя аспекты польска-беларускага / беларуска-польскага літаратурнага і моўнага ўзаемадзеяння. Даклады, якія прагучалі падчас канферэнцыі, выкананы на высокім навуковым узроўні, вызначаліся актуальнасцю, навізной прааналізаванага матэрыялу і падыходаў да вырашэння пастаўленых навуковых праблем. Кожнае выступленне выклікала водгук аўдыторыі, жывое абмеркаванне і дыскусіі. У рабоце секцый бралі ўдзел як вядомыя навукоўцы, так і маладыя даследчыкі. Беларускія і польскія навукоўцы атрымалі магчымасць не толькі плённага навуковага супрацоўніцтва, але і наладжвання асабістых кантактаў.
Праца канферэнцыі праходзіла на высокім навуковым узроўні, удабразычлівай атмасферы, на ёй адбываўся шчыры абмен ведамі, думкамі і вопытам, што было адзначана кіраўнікамі секцый на закрыцці канферэнцыі, якое адбылося 28 чэрвеня.
Зборнік навуковых артыкулаў па выніках правядзення канферэнцыі будзе выдадзены як выпуск серыйнага выдання “Acta Albaruthenica”.
Правядзенне падобных канферэнцый і ў далейшым будзе спрыяць наладжванню навуковага дыялогу і супрацоўніцтва паміж даследчыкамі Беларусі і Польшчы.


BY 
