Сэрвісы

Літаратурна-рэдакцыйная практыка: досвед, вынікі, перспектывы

30 красавіка адбыўся сход студэнтаў ІІІ курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» па выніках літаратурна-рэдакцыйнай практыкі. Сёлета вытворчай пляцоўкай для практыкантаў было абрана Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”», якое працуе пад прарэктаратам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Першая група студэнтаў практыкавалася ў рэдакцыі вядомага навуковага і метадычнага часопіса «Роднае слова», другая – у рэдакцыі навукова-метадычнага часопіса «Беларуская мова і літаратура» (абодва выданні ўваходзяць у склад выдавецтва «Адукацыя і выхаванне»). Літаратурна-рэдакцыйная практыка доўжылася з 29 сакавіка па 24 красавіка 2021 года.

Агульнае кіраўніцтва практыкай было ўскладзена на загадчыка кафедры беларускай літаратуры прафесара А. І. Бельскага. На ўстановачным сходзе (канферэнцыі) ён распавёў пра спецыфіку літаратурна-рэдакцыйнай практыкі, акрэсліў яе мэты і задачы, арганізацыю непасрэдна ў выдавецтве і інш. У першы дзень практыкі адбылася сустрэча студэнтаў з першым намеснікам выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Аляксандрам Львовічам Антаневічам і галоўным рэдактарам Міраславай Міхайлаўнай Шавыркінай, якія расказалі пра стан, рэаліі і перспектывы дзейнасці выдавецва, пазнаёмілі з творчымі праектамі і новымі выданнямі. Універсітэцкіх практыкантаў прывітаў дырэктар выдавецтва Мікалай Аляксандравіч Супрановіч, а потым адбылася экскурсія па ўстанове. Студэнты азнаёміліся з умовамі працы супрацоўнікаў аддзелаў (рэдактараў, карэктараў, вярстальшчыкаў, мастакоў), гісторыяй часопісаў «Роднае слова» і «Беларуская мова і літаратура», афіцыйным сайтам і інфармацыяй у сацсетках, стратэгіяй напаўнення нумароў, асноўнымі стадыямі цыкла падрыхтоўкі матэрыялаў да друку, дызайнам часопісаў. Карыснымі былі гутаркі з галоўным рэдактарам часопіса «Роднае слова» Наталляй Мікалаеўнай Шапран і адказным сакратаром часопіса «Беларуская мова і літаратура» Аленай Уладзіміраўнай Бельскай. У той жа дзень студэнты-філолагі атрымалі ад выдавецкіх кіраўнікоў практыкі індывідуальныя заданні, парады па рэдактарскай працы і карэктарскай праўцы.

Справаздачна-заліковы этап засведчыў плённасць і выніковасць выдавецкай практыкі. Студэнты актыўна ўключыліся ў працу, выканалі карэктарскую вычытку матэрыялаў, літаратурнае рэдагаванне тэкстаў і інш. Кіраўнікі практыкі рэдактар аддзела «Роднага слова» Крысціна Мікалаеўна Пучынская і адказны сакратар часопіса «Беларуская мова і літаратура» Алена Уладзіміраўна Бельская аддалі шмат часу працы з практыкантамі: знаёмілі іх з матэрыяламі на розных стадыях падрыхтоўкі, гаварылі пра спецыфіку і тэхналогіі рэдактарскай працы, давалі індывідуальныя кансультацыі і парады. Студэнты паспяхова выканалі ўсе атрыманыя заданні і даручэнні, іх працу і намаганні станоўча ацанілі кіраўнікі практыкі ад рэдакцый і кіраўнікі груп ад БДУ прафесар А. І. Бельскі і дацэнт У. Ю. Верына.

Завяршылася тыднёвая літаратурна-рэдакцыйная практыка і на завочным аддзяленні філфака. Яна мела азнаямленчы характар. Студэнты ІV курса практыкаваліся ў рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у раённым друку: газетах «Нясвіжскія навіны» і «Да новых перамог» (г. Клецк). Кіраўнік практыкі дацэнт Л. А. Гедзімін адзначыла старанныя і адказныя адносіны студэнтаў-завочнікаў да працы. Ларыса Анатольеўна лічыць, што яны засвоілі карысныя навыкі ў тэхніцы рэдагавання тэкстаў, атрымалі першапачатковыя прафесійныя кампетэнцыі, неабходныя для рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасці.

Усе студэнты па выніках праходжання практыкі атэставаны. Разам з тым яны атрымалі шэраг парад па развіцці рэдактарскіх уменняў і навыкаў, па рэалізацыі ўласнага творчага пратэнцыялу і перспектыў у будучай прафесійнай дзейнасці.

Практыка8

практыка13

Практыка11

Практыка15

Практыка16

 

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.