Сэрвісы

БЕЛАРУСКАЯ МОВА І МОВАЗНАЎСТВА

БЕЛАРУСКАЯ МОВА І МОВАЗНАЎСТВА

Зараджэнне і станаўленне навуковай школы па беларускай мове і мовазнаўстве звязана з пачаткам актыўнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у якім беларуская мова (нароўні з яўрэйскай, польскай і рускай) стала вядучым сродкам камунікацыі і асновай выкладання большасці навучальных дысцыплін. У першым навучальным годзе на этнолага-лінгвістычным аддзяленні ўсе дысцыпліны беларускага мовазнаўства выкладаў толькі адзін спецыяліст – вядомы грамадскі дзеяч і навуковец Я. Лёсік, які чытаў лекцыі па такіх раздзелах беларусазнаўства, як беларускі народ і яго мова, гісторыя беларускага пісьменства, беларуская літаратурная мова, элементарныя асновы беларускага правапісу. У гэты час да працы па стварэнні першых падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для студэнтаў былі прыцягнутыя многія супрацоўнікі Інбелкульта, якія адначасова працавалі і ў БДУ – С. Некрашэвіч, П. Бузук, А. Багдановіч, І. Воўк-Левановіч, Л. Цвяткоў. Такое выкарыстанне навуковых кадраў садзейнічала развіццю ва ўніверсітэце мовазнаўчых даследаванняў і павышэнню якасці выкладання лінгвістычных дысцыплін. Менавіта ў першыя гады дзейнасці БДУ і Інбелкульта пачынаюць вылучацца і прыярытэтныя напрамкі развіцця беларускага мовазнаўства, якія на многія дзесяцігоддзі прадвызначылі спектр лінгвістычных пошукаў ва ўніверсітэце.

У гісторыі станаўлення і развіцця ўніверсітэцкай навуковай школы па беларускай мове і мовазнаўстве вылучаюцца два самастойныя напрамкі: даследаванне гісторыі і сучаснай літаратурнай мовы і непасрэдна гісторыя беларускага мовазнаўства.

Гісторыя беларускай мовы. Асновай для вывучэння гістарычных працэсаў у беларускай мове паслужылі навуковыя працы ў першую чаргу акадэміка Я. Ф. Карскага, які адным з першых вызначыў найбольш значныя асаблівасці беларускай мовы, ацаніў яе самастойнасць і самадастатковасць. Таму ўніверсітэцкія лінгвісты ў першай палове XX ст. працягнулі як даследаванне розных этапаў і структурных разнавіднасцей мовы старабеларускай пісьменнасці, так і сталі вывучаць практычныя пытанні функцыянавання беларускай мовы як адной з дзяржаўных моў на тэрыторыі Беларусі: станаўленне арфаграфічных нормаў і на гэтай аснове выданне нарматыўных граматык, даследаванне крыніц і крытэрыяў папаўнення лексічнага складу, распрацоўка навуковай тэрміналогіі з улікам нацыянальных асаблівасцей мовы і інш.

Гісторыя беларускага мовазнаўства. Станаўленне гісторыі беларускага мовазнаўства як асобнага навуковага кірунку ў БДУ адбывалася ў другой палове XX ст. і было звязана з падрыхтоўкай бібліяграфічных даведнікаў па беларускай мове.

Навуковая школа па беларускай мове і мовазнаўстве працягвае папаўняцца працамі новых пакаленняў даследчыкаў мовы беларускага народа, у якіх акцэнтуецца ўвага на праблемах далейшага функцыянавання беларускай мовы ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя, вывучэнні самых разнастайных структурных узроўняў беларускай мовы, стварэнні універсальных манаграфічных і вучэбна-метадычных работ па актуальных напрамках мовазнаўства, што дазволіць у будучыні ўзбагаціць беларускую лінгвістыку новымі тэарэтычнымі і практычнымі дасягненнямі.

Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч – загадчык кафедры беларускага мовазнаўства, доктар філалагічных навук, прафесар

Больш падрабязна тут

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.