Сэрвісы

Тэорыя і практыка выкладання мовы, літаратуры і рыторыкі

Тэорыя і практыка выкладання мовы, літаратуры і рыторыкі

Станаўленне навукова-метадычнай школы БДУ звязана з імем выдатнага вучонага-педагога, доктара навук, прафесара, члена-карэспандэнта БелАА, заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь Ларысы Аляксандраўны Мурынай (1936 – 2017).

З 1970 г. па 2005 г. яе працоўная біяграфія непарыўна звязана з Беларускім дзяржаўным універсітэтам. З 1993 г. па 1996 г. Л. А. Мурына з'яўлялася намеснікам дэкана, з 1996 г. па 2002 г. – дэканам філалагічнага факультэта БДУ. Пры яе непасрэдным удзеле ў 1988 г. на філалагічным факультэце БДУ ствараецца першая ў ВНУ і адзіная ў Рэспубліцы Беларусь кафедра методыкі выкладання рускай і беларускай моў і літаратур (пазней пераназваная ў кафедру рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры). З часу заснавання і па 2004 г. Ларыса Аляксандраўна ўзначальвала кафедру і спрыяла фарміраванню яе найлепшых традыцый.

Прафесар Л. А. Мурына лічыла рыторыку інтэгральнай дысцыплінай ў сістэме сацыягуманітарных навук і не раз адзначала грамадскую значнасць прамоўніцкай дзейнасці, адказнасць выступоўцы за свае маўленчыя паводзіны. Прадметам навуковых пошукаў Ларысы Аляксандраўны служылі праблемы ўдасканалення школьнай методыкі навучання мове і методыкі выкладання ў ВНУ. Тэма доктарскай дысертацыі – "Метадычныя асновы навучання культуры рускай мовы ў школах Беларусі" (Масква, 1986).

Л. А. Мурына – аўтар каля 500 навукова-метадычных работ, у тым ліку вучэбных дапаможнікаў новага пакалення для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Сярод асноўных прац: «Культура русской речи в школах с белорусским языком обучения» (1982), «Развитие связной речи учащихся» (1985), «Методика русского языка в школах Белоруссии» (1990), «Риторика» (1994; 1998; 2002; у суаўт.) і інш. ВМК па рускай мове (пад рэдакцыяй Л. А. Мурынай і ў суаўтарстве) выкарыстоўваюцца і ў іншых краінах: Азербайджане, Сербіі, Польшчы, Ізраілі, Кітайскай Народнай Рэспубліцы.

Пад кіраўніцтвам і пры навуковай кансультацыі Л.А. Мурынай падрыхтавана і абаронена больш за 50 кандыдацкіх і 10 доктарскіх дысертацый, у тым ліку замежных аспірантаў (Азербайджан, Польшча, Сербія, Кітай).

З 2005 г. і да апошніх дзён жыцця Ларыса Аляксандраўна працавала галоўным навуковым супрацоўнікам лабараторыі гуманітарнай адукацыі НМУ "Нацыянальны інстытут адукацыі" Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Канцэпцыя моўнай адукацыі, прапанаваная і абгрунтаваная Л. А. Мурынай (у складзе аўтарскага калектыву), яе навуковы інтарэс да праблем арганізацыі працэсу навучання мове і рыторыцы ў сярэдняй і вышэйшай школе атрымалі развіццё ў дзейнасці навукова-метадычнай школы НІА (д. п. н. Г. М. Валочка, д. п. н. В. У. Зелянко, д. п. н. В. Ф. Русецкі, к. п. н. Г. В. Галкіна), а таксама навуковай супольнасці, створанай ёю на базе кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. Гэта супольнасць захоўвае пераемнасць традыцый да цяперашняга часу. Ідэйны стрыжань школы – дактары педагагічных навук Ф. М. Літвінка, Г. І. Нікалаенка, В. У. Праскаловіч, Л. М. Гамеза. У цяперашні час у арганізацыях комплексу БДУ працуюць 11 прадстаўнікоў навуковай супольнасці Л. А. Мурынай: дацэнты В. Ю. Дылеўская, Т. У. Ігнатовіч, Т. В. Мальцэвіч, І. У. Нікалаенка (Таяноўская) (кандыдацкая дысертацыя), Т. У. Рубанік, І. М. Саніковіч, В. І. Царова, С. А. Шантаровіч, І. А. Сакольчык (Біруля), Г. В. Хоміч, С. М. Якуба.

Навуковая школа Ларысы Аляксандраўны Мурынай аб'ядноўвае вучоных, педагогаў-даследчыкаў, аспірантаў і іншых педагагічных работнікаў, якія прадстаўляюць свае навацыі на міжнародных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях, у навуковых публікацыях і праектах. Прадстаўнікі навуковай школы ажыццяўляюць пошук новых арыгінальных шляхоў вырашэння праблем сучаснай філалагічнай адукацыі і педагагічнай навукі ў Рэспубліцы Беларусь.

Кіраўнік навуковай школы на сучасным этапе – доктар педагагічных навук, прафесар кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Вольга Уладзіміраўна Праскаловіч.

Падрабязней тут

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.