Пра БДУ з любоўю, удзячнасцю і найлепшымі пажаданнямі

20 кастрычніка на філалагічным факультэце адбыўся круглы стол «Мой універсітэт», арганізаваны выкладчыкамі кафедры прыкладной лінгвістыкі і прымеркаваны да 100-годдзя БДУ. У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты-замежнікі першага, другога і чацвёртага курсаў спецыяльнасці «Руская філалогія». Мэта круглага стала – палілог выкладчыкаў і студэнтаў пра мінулае і сучаснае вядучай ВНУ Рэспублікі Беларусь, пра свае ўражанні ад універсітэта, пра надзеі і перспектывы, звязаныя з атрыманнем філалагічнай адукацыі.

Адкрыла мерапрыемства дацэнт кафедры прыкладной лінгвістыкі кандыдат філалагічных навук Святлана Серафімаўна Кацэвіч. Яна павіншавала прысутных з надыходзячай юбілейнай датай і пазнаёміла з праграмай круглага стала.

Выкладчык кафедры – Мікалай Ігаравіч Краскоўскі – распавёў пра найважнейшыя этапы ў развіцці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, знакамітых вучоных, якія ў розны час тут выкладалі.

Студэнт першага курса Чжан Янь падзяліўся ўражаннямі ад пачатку вучобы на філалагічным факультэце, распавёў цікавыя факты пра БДУ, якія высветліў перад тым, як адправіцца ў Беларусь.

Марына Уладзіміраўна Дубень, выпускніца філалагічнага факультэта, а цяпер выкладчык кафедры прыкладной лінгвістыкі, падрыхтавала выступленне на тэму «Ад сесіі да сесіі жывуць студэнты весела...» пра вольны час студэнтаў нашага факультэта. Ілюстрацыяй да яе выступлення стаў цікавы відэафільм пра студэнтаў-замежнікаў, якія прымалі ўдзел у традыцыйных факультэцкіх і ўніверсітэцкіх святах, канцэртах, экскурсіях. Затым узялі слова студэнты чацвёртага курса. Ван Лінь расказала пра тое, чаму навучылася за гады вучобы, якія цяжкасці і поспехі былі ў яе студэнцкім жыцці і чым запомніцца БДУ. Яна выказала ўдзячнасць усім выкладчыкам, якія далі неабходныя веды і сталі для яе ўзорам прафесіяналізму і педагагічнай культуры.

Чэнь Сыцы казала пра любімыя вучэбныя дысцыпліны, пра значэнне рускай мовы ў яе жыцці, пра цікавых людзей, з якімі пазнаёмілася ў БДУ. Студэнтка звярнула ўвагу першакурснікаў на рэальную магчымасць займацца навуковай дзейнасцю яшчэ ў студэнцтве, падзялілася планамі на будучыню: пасля заканчэння ўніверсітэта яна спадзяецца працягнуць адукацыю ў магістратуры, а ў далейшым – і ў аспірантуры БДУ.

Студэнты ажыўлена абменьваліся ўражаннямі ад вучобы, пражывання ў інтэрнаце, адносін з беларускімі студэнтамі. Усе аднадушна зазначылі, што шчаслівыя размаўляць на рускай мове, жыць у Беларусі і вучыцца ў БДУ.

Шмат цёплых слоў было сказана ў адрас выкладчыкаў філалагічнага факультэта, самых шчырых віншаванняў з юбілеем і найлепшых пажаданняў любімаму ўніверсітэту.

IMG 4aad070b4971432348de3c692e9e852c V

IMG 6ac8b1c178289083f4036da3c51c9445 V

IMG b7dc5bb469acd2e1b7a5cfa8845fa9ec V

IMG fb79cb293f1422e0edb8ef15e8214173 V

IMG db53bcc86fb3843a4a6777be1e085445 V

Image

Ресурсы

Image
Image