ДА ЮБІЛЕЮ ВУЧОНАГА І ПЕДАГОГА. ВІНШУЕМ ПРАФЕСАРА ФРАНЮ МІХАЙЛАЎНУ ЛІТВІНКА!

У чэрвені адзначае свой адметны юбілей Франя Міхайлаўна Літвінка – прафесар кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар педагагічных навук, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, заслужаны работнік БДУ, вядомы спецыяліст у галіне лінгвадыдактыкі, адзін з вядучых аўтараў шматлікіх навучальных і метадычных дапаможнікаў па рускай мове для вучняў і педагогаў нашай рэспублікі.

Цалкам адданая роднай Alma mater, Франя Міхайлаўна на працягу пяці дзесяцігоддзяў дорыць свае веды, сілы і талент маладому пакаленню. Як вучонага і педагога Франю Міхайлаўну вызначаюць высокі прафесіяналізм, мэтанакіраванасць і адказнасць, здольнасць да шматграннага, тонкага і праніклівага аналізу моўных і метадычных з'яў.

Падручнікі, вучэбныя і метадычныя дапаможнікі, над стварэннем якіх працавала Франя Міхайлаўна, сталі сапраўды настольнымі кнігамі для беларускіх школьнікаў, студэнтаў-філолагаў і настаўнікаў-славеснікаў. Франя Міхайлаўна – аўтар базавага навучальнага дапаможніка для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцяў "Методыка выкладання рускай мовы ў школе", які атрымаў грыф Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У новых навучальных дапаможніках па рускай мове для школ Франяй Міхайлаўнай індывідуальна і ў суаўтарстве падрыхтаваны цэлы шэраг тэматычных раздзелаў: аб ускладненым сказе і складаназалежным сказе, правілах пунктуацыі, тэксце і яго прыкметах, агульныя звесткі пра мову, паўтарэнне вывучанага матэрыялу і інш.

Шыратой, фундаментальнасцю і разнастайнасцю ўражвае сфера навукова-педагагічных інтарэсаў прафесара Ф. М. Літвінка. Ёю апублікавана каля 350 навуковых і метадычных работ па актуальных праблемах філалогіі і методыкі выкладання рускай мовы. У іх ліку – пытанні вывучэння сінтаксісу ў функцыянальным аспекце, тэорыі і практыкі навучання сінтаксісу ўскладненага сказа, сістэмнасці лінгвістычнай тэорыі як асновы школьнага курса рускай мовы, фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі школьнікаў, вывучэння рускай мовы на тэкставай аснове, развіцця моўнай асобы, станаўлення лінгвістычнага мыслення вучняў філалагічных класаў, выкарыстання сучасных, інавацыйных тэхналогій у навучанні рускай мове і інш.

Пад кваліфікаваным кіраўніцтвам Франі Міхайлаўны абаронены 7 дысертацый на атрыманне вучонай ступені кандыдата педагагічных навук, у тым ліку аспірантамі з замежных краін (Рэспублікі Польшча, Ісламскай Рэспублікі Іран, Кітайскай Народнай Рэспублікі). Аб прызнанні таленту вучонага і заслуг Франі Міхайлаўны сведчыць удзел у саветах па абароне дысертацый па педагагічных і філалагічных навуках пры Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце і Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, у рэдакцыйным савеце часопіса "Руская мова і літаратура".

Франя Міхайлаўна – чалавек рэдкіх і каштоўных душэўных якасцяў. Калегі і вучні бязмежна шануюць у ёй сапраўдную чалавечую мудрасць, самаадданую прыхiльнасць улюбёнай справе, невычэрпную добразычлівасць і выключную далiкатнасць ва ўзаемаадносінах з людзьмі, веру ў лепшае ў чалавеку.

Філалагічны факультэт БДУ, кафедра рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры, рэдкалегія прадметнага навукова-метадычнага часопіса "Руская мова і літаратура" з глыбокай павагай, шчырым захапленнем і цеплынёй адрасуюць свае самыя сардэчныя віншаванні Франі Міхайлаўне Літвінка – выдатнаму навукоўцу, высакароднаму, інтэлігентнаму і абаяльнаму чалавеку. Мы жадаем Франі Міхайлаўне моцнага здароўя, жыццёвага і творчага даўгалецця, бадзёрасці духу на многія гады.

IMG fdf8e43c256cc32aea8ef9d00fc5b1cf V (2)

на курсах

IMG 81ae72d1ed9304a23bbd764dfa635898 V (2) — копия

IMG bf48855099d37993363e47a617f3ce09 V (2)