Навуковы семінар «Рэцэпцыя антычных вобразаў і матываў у літаратуры і культуры», прысвечаны 200-годдзю Ф. М. Дастаеўскага

18 мая 2022 года на філалагічным факультэце адбыўся навуковы семінар «Рэцэпцыя антычных вобразаў і матываў у літаратуры і культуры», прысвечаны творчасці Ф. М. Дастаеўскага.

Арганізатарамі мерапрыемства сталі кафедра класічнай філалогіі і кафедра рускай літаратуры БДУ. У семінары прынялі ўдзел студэнты спецыяльнасцяў «Беларуская філалогія» і  «Класічная філалогія».

Адкрылі мерапрыемства заг. кафедры класічнай філалогіі В. Г. Пракапчук і заг. кафедры рускай літаратуры Л. Л. Аўдзейчык, якія прывіталі ўдзельнікаў семінара і перадалі слова ст. навук. супрацоўніку Інстытута філасофіі Нацыянальнай Акадэміі навук, дацэнту І. І. Марозавай.

У дакладзе «Эстэтычны ідэал Ф. М. Дастаеўскага» І. І. Марозава разгледзела гісторыю фарміравання светапогляду пісьменніка, раскрыла этапы яго жыццёвага і творчага шляху, дзе знайшлося месца веры і сумневам, пакутам і светламу прарыву да прыгажосці і праўды. «Эстэтычны ідэал Дастаеўскага складаны менавіта сваёй амбівалентнасцю, – адзначыла І. І. Марозава, – ён складаецца з эстэтыкі смерці, з аднаго боку, і хрысціянскага разумення прыгажосці, ісціны і дабра, якія для пісьменніка ўвасобіліся ў вобразе Ісуса Хрыста».

Ідэі Дастаеўскага знайшлі адлюстраванне ў далейшай гісторыі развіцця літаратуры і філасофіі, што адзначыла ў сваім выступленні заг. кафедры рускай літаратуры дацэнт Л. Л. Аўдзейчык. Яна распавяла аб узаемаўплыве творчасці Дастаеўскага і заснавальніка рускай рэлігійнай філасофіі Уладзіміра Салаўёва: «Вядома, што юнацкі вобраз і характар маладога Ул. Салаўёва паўплываў на стварэнне аблічча Алёшы ў выніковым рамане Дастаеўскага “Браты Карамазавы”. Праламленне ідэй Ул. Салаўёва прасочваецца ў асобных месцах “Пушкінскай прамовы” Дастаеўскага. Салаўёў жа пасля смерці вялікага рускага пісьменніка і блізкага па духу сябра паспрабаваў глыбока асэнсаваць унікальнае значэнне яго творчасці ў “Трох прамовах у памяць Дастаеўскага”, а потым і ў іншых сваіх працах». У канцы свайго выступлення Л. Л. Аўдзейчык падкрэсліла, што ідэя Усеадзінства, нязменная формула «Прыгажосць – Дабро – Ісціна», хрысціянскія адносіны да свету, увасобленыя ў творчасці Дастаеўскага і Салаўёва, захоўваюць актуальнасць і сёння.

Вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў семінара выклікаў даклад нам. дырэктара Інстытута філалогіі ПетрДУ, дацэнта А. А. Скарападскай  «Сакрэты запісных кніжак Дастаеўскага». А. А. Скарападская адзначыла неадназначнае стаўленне Ф. М. Дастаеўскага да лацінскай мовы. Так, многія біёграфы лічаць, што непрыемны вучнёўскі вопыт сфарміраваў негатыўнае стаўленне будучага пісьменніка да гэтай мовы, якое ён неаданаразова транслюе ў творах праз словы персанажаў. Аднак у публіцыстычных тэкстах, якія прадугледжваюць выяўленне менавіта аўтарскай пазіцыі, можна знайсці неаднаразовыя станоўчыя ацэнкі класічных моў і класічнай адукацыі. «Матэматыка і дзве старажытныя мовы, лацінская і грэчаская, прызнаны найбольш развіваючым сродкам, разумовым і нават духоўным» (Дзённік пісьменніка, 1986 г.). Тое, што ў тэкстах Дастаеўскага сустракаецца шмат лацінскіх выказванняў, таксама сведчаць аб наяўнасці ў пісьменніка цікавасці да лацінскай мовы. У запісах Дастаеўскага сустракаюцца дзесяткі лацінскіх слоў і выразаў. Самыя частотныя з іх выконваюць функцыю тэкставых памет (NB: Nota bene, Memento), іншыя ўяўляюць сабой устойлівыя выразы і папулярныя лацінскія афарызмы.

Асабліва зацікавіла слухачоў гісторыя лацінскай фразы Strepidu belli propelluntur artes ‘шумам вайны разганяюцца мастацтвы’, падобная да сапраўднага філалагічнага дэтэктыва. Гэтая фраза сустракаецца ў запісах Дастаеўскага двойчы, адкрытым застаецца пытанне яе паходжання. А. А. Скарападская выказала здагадку, што верагоднай крыніцай граматычнай пабудовы дадзенай фразы можа быць радок з Гарацыя, а таксама прывяла пераканаўчыя доказы сваёй гіпотэзы ўзнікнення фразы ў лексіконе пісьменніка (з практыкаванняў, якія змяшчаюцца ў «Практычным кіраўніцтве да перакладаў з Расійскай мовы» М. Белюсціна). У сваім выступленні дакладчык спынілася на месцы лацінскай афарыстыкі ў цэлым у ідыястылі Дастаеўскага, а таксама ролі згаданай фразы ў разважаннях пісьменніка аб уплыве вайны на мастацтва і творчасць. «Змешчаны ў афарызме тэзіс аб несумяшчальнасці мастацтва і вайны служыць адпраўной кропкай для развіцця парадаксальнай думкі, што вайна стымулюе творчую актыўнасць і абуджае ў людзях высокія пачуцці».

Дацэнт кафедры рускай літаратуры Т. П. Сідарава падкрэсліла, што гэты семінар – значная падзея ў шэрагу мерапрыемстваў, якімі кафедра рускай літаратуры на працягу года адзначае 200-годдзе з Дня нараджэння Ф. М. Дастаеўскага: у верасні 2021 года адкрытую лекцыю па каштоўнаснаму дыяпазону творчасці Дастаеўскага перад студэнтамі рускага аддзялення прачытаў запрошаны лектар Сава Мажука; у кастрычніку 2021 года выкладчыкі кафедры выступілі з дакладамі на Міжнародным круглым стале, прысвечаным творчасці Ф. М. Дастаеўскага, у Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі; у лістападзе 2021 г. была праведзена кафедральная анлайн-канферэнцыя па творчай спадчыне Дастаеўскага з удзелам студэнтаў, настаўнікаў і навучэнцаў беларускіх школ. Сапраўднай падзеяй стала паездка выкладчыкаў і студэнтаў філфака ў Дастоева ў рамках праграмы «Адукацыйны турызм». Нарэшце, Т. П. Сідаравай у рамках курса гісторыі рускай літаратуры быў арганізаваны шэраг экскурсій са студэнтамі ў бібліятэку Мінскай духоўнай акадэміі, дзе захоўваецца факсімільнае выданне Евангелля Дастаеўскага. «Юбілей Дастаеўскага, як і ўвесь яго творчы шлях, — бясконцы і глыбокі; яго пошукі чалавека і разгадванне таямніцы чалавека ніколі не перастане “турбаваць” чытачоў і сучасных аўтараў», — адзначыла Т. П. Сідарава.

Удзельнікі семінара засталіся задаволеныя зместам і арганізацыяй мерапрыемства і выказалі цікавасць да далейшага супрацоўніцтва ў падобным фармаце. Студэнты атрымалі лепшае ўяўленне пра ролю і месца антычнай культуры ў адукацыі Ф. М. Дастаеўскага, яе ўплыў на творчасць аўтара, а таксама разуменне значэння і месца антычнасці ў сусветнай культуры.

IMG 2134

IMG 2147

IMG 2172

IMG 2224

Image

Ресурсы

Image
Image