8 кастрычніка 2023 года доктар філалагічных навук, прафесар Таццяна Шамякіна адзначыла свой 75-гадовы юбілей. Усё жыццё Таццяны Шамякінай звязана з літаратурай і філалогіяй – дачка народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, яна з дзяцінства зацікавілася мастацтвам словам, 49 гадоў працуе на філалагічным факультэце БДУ, а таксама і сама стала сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
З нагоды юбілею Таццяны Шамякінай 12 кастрычніка 2023 года на філалагічным факультэце БДУ прайшоў навукова-практычны семінар «Т.І. Шамякіна – вучоны, літаратар, педагог». Урачыстае адкрыццё семінара вёў дэкан філалагічнага факультэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Сяргей Важнік. Ён адзначыў значнасць асобы Таццяны Шамякінай для факультэта і ўсяго ўніверсітэта і ўручыў юбіляру ганаровую грамату ад кіраўніцтва БДУ за шмагадовую плённую працу па падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі.
На ўрачыстым адкрыцці з прывітальнымі словамі выступілі калегі, сябры і вучні юбіляра: старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў уручыў Таццяне Шамякінай медаль імя Максіма Багдановіча і віншаванне ад Саюза пісьменнікаў Беларусі; доктар філалагічных навук, прафесар Вячаслаў Рагойша ўзгадаў пра студэнцкія гады Таццяны Шамякінай і працу над доктарскай дысертацыяй, навуковым кансультантам якой ён быў; былыя студэнты юбіляра – доктар філалагічных навук, прафесар кафедры гісторыі беларускай літаратуры Ірына Казакова і настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 152 імя С. С. Бельчанкі г. Мінска» Алена Курылёнак – успомнілі пра сваю вучобу і напісанне дыпломных работ пад кіраўніцтвам Таццяны Шамякінай; былы калега і сябар Міхась Кенька падзяліўся ўспамінамі пра сумесную працу. З віншаваннем ад кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства, на якой цяпер працуе Таццяна Шамякіна, выступіў доктар філалагічных навук, прафесар Іван Чарота.
Выступілі на адкрыцці семінара таксама і студэнты: навучэнцы 3 курса спецыяльнасцей «Беларуская філалогія» і «Руская філалогія» нагадалі пра некаторыя навуковыя і вучэбна-метадычныя работы Таццяны Шамякінай; студэнткі 4 курса спецыяльнасці «Руская філалогія» пад кіраўніцтвам кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Таццяны Рубанік падрыхтавалі «рытарычныя медальёны» пра юбіляра.
З выставай кніг «Навуковая і вучэбна-метадычная спадчына прафесара Т. І. Шамякінай (з нагоды 75-гадовага юбілею)» пазнаёміла прысутных загадчык залы інфармацыйных рэсурсаў аддзела абслугоўвання філалагічнага і эканамічнага факультэтаў БДУ Жанна Карповіч. На адкрыцці семінара таксама была паказана прэзентацыя «Да юбілею прафесара Таццяны Шамякінай», якая складалася з фотаздымкаў з асабістага архіва юбіляра, падрыхтаваная кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства Славянай Шамякінай.
На ўдзел у семінары падалі заяўкі больш за 30 чалавек – выкладчыкі Беларускага дзяжаўнага ўніверсітэта, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Унiверсiтэта Хучжоу (КНР), даследчыкі з Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы і Рэспубліканскай лабараторыі гісторыка-культурнай спадчыны Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, настаўнікі школ.
Даклады былі размеркаваны па дзвюх секцыях: «Роля прафесара Т.І. Шамякінай у развіцці вышэйшай і сярэдняй адукацыі» (старшыня – кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства БДУ С.В. Шамякіна) і «Праблемы літаратуразнаўства і міфапаэтыкі ў даследаваннях Т.І. Шамякінай» (старшыня – дактарант Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі М.В. Шамякіна).
Вынікам праведзенага семінара стане выданне электроннага зборніка навуковых прац, прысвечанага 75-годдзю з дня нараджэння прафесара Таццяны Шамякінай, што будзе спрыяць далейшаму развіццю айчыннага літаратуразнаўства і натхняць маладых даследчыкаў на вывучэнне шмаграннай дзейнасці Т.І. Шамякінай.
















BY

