Сэрвісы

Круглы стол “Актуальныя праблемы сучаснай жанралогіі”

Круглы стол “Актуальныя праблемы сучаснай жанралогіі”

25 студзеня 2024 г. на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшоў круглы стол “Актуальныя праблемы сучаснай жанралогіі”.

У працы круглага стала ўзялі ўдзел выкладчыкі і аспіранты кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства, супрацоўнікі вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору.

Дацэнт кафедры Славяна Шамякіна прадставіла даклад на тэму “Анталогія фантастыкі”. У ім былі агучаны праблемы, якія тычацца вызначэння жанравай сутнасці фантастычнай літаратуры і яе асобных разнавіднасцей. Ці можна лічыць фантастыку метажанром? Па якіх крытэрах магчыма сістэматызаваць шматлікія разнавіднасці фантастычнай літаратуры і скласці іх цэласную класіфікацыю? Які тэрміналагічны апарат варта пры гэтым выкарыстоўваць? Якія групы твораў можна аднесці да жанраў фантастычнай літаратуры, паджанраў, жанравых разнавіднасцей, жанравых груп і да т. п.? Да пошукаў адказаў на гэтыя пытанні далучыліся ўсе прысутныя.

З дакладам “Праблемы фальклорнай жанралогіі” выступіла дацэнт Вольга Прыемка. Яна адзначыла, што ў сучаснай фалькларыстыцы ўсё яшчэ працягваецца дыскусія па пытанні жанрава-відавой ідэнтыфікацыі твораў вуснай народнай творчасці, і ўказала на магчымыя шляхі вырашэння дадзенай праблемы – выкарыстанне паняцця “метажанр”, што дазваляе звярнуць асаблівую ўвагу на наджанравыя гісторыка-тыпалагічныя групы. Таксама ў навуковы ўжытак прапаноўваецца ўвесці паняцці экстражанр, квазіжанр і інфражанр, што дазволіць як даследчыкам, так і студэнтам атрымаць аб’ёмнае ўяўленне пра поле фальклорнай славеснай культуры.

Выкладчык Ганна Альшэўская пазнаёміла з дакладам “Фарміраванне жанравай кампетэнцыі студэнтаў на занятках па літаратуразнаўчых дысцыплінах”. Яна аздначыла вартасці рэалізаванага праекта па стварэнні біяграфіі пісьменнікаў у розных жанрах, вынікам якога стала падрыхтоўка студэнтамі работ у жанры казкі, летапісу, біяграфіі-эсэ, у форме дзённіка пісьменніка, інтэрв’ю з пісьменнікам, часопіснага артыкула, п’ес розных жанраў пра жыццё таго ці іншага пісьменніка, а таксама ў выглядзе цікток-відэа. Таксама былі агучаны вынікі практыкі напісання студэнтамі пастышаў і твораў у жанры красовер, а таксама дакладаў па жанрах і жанравых утварэннях змешанага тыпу (сінтэтычныя жанры, крос-жанры, гібрыдныя жанры). Усе дадзеныя практычныя заданні спрыяюць развіццю ў студэнтаў пісьменніцкіх уменняў на ўзроўні стылю і дапамагае авалодаць ведамі пра сучасныя жанравыя формы.

Вяла пасяджэнне загадчык кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства, дацэнт Таццяна Марозава. У выніку было зазначана, што даследаванні ў галіне тэорыі жанру былі і будуць прыярытэтным напрамкам развіцця ўніверсітэцкага літаратуразнаўства.

 kr2.gif

 

Image

Рэсурсы

Image
Image