26 верасня 2024 г. на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшла XIV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай», прысвечаная 85-годдзю філалагічнага факультэта БДУ.
У працы канферэнцыі ўдзельнічалі выкладчыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, Філіяла Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Севастопалі, Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта тэхналогій і кіравання імя К. Р. Разумоўскага, Нацыянальнага даследчага ўніверсітэта «Вышэйшая школа эканомікі» (Масква), Казахскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Аль-Фарабі, Данецкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя В. Шаталава, Адзінцоўскага філіяла Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносінаў Міністэрства замежных спраў Расійскай Федэрацыі, Навасібірскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Мультыкультурнага даследчага цэнтра Універсітэта Хучжоу, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта; навуковыя супрацоўнікі і маладыя даследчыкі ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі», літаратурныя рэдактары РУП РВУ «Звязда» і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, настаўнікі школ.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся дэкан філалагічнага факультэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Сяргей Важнік. Ён адзначыў, што канферэнцыя “Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай” добра вядомая навуковай грамадскасці не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі, праходзіць рэгулярна і заўсёды выклікае да сябе нязменную цікавасць вядомых навукоўцаў і маладых даследчыкаў. У гэтым годзе яна прысвечана знакавай падзеі – 85-годдзю філалагічнага факультэта, якое мы будзем адзначаць ў лістападзе, і Сяргей Важнік запрасіў усіх прысутных далучыцца да будучых святочных мерапрыемстваў.
На пленарным пасяджэнні выступілі прафесар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта тэхналогій і кіравання імя К. Р. Разумоўскага Анатоль Андрэеў, прафесары Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Алесь Бельскі і Святлана Ганчарова-Грабоўская, вядучы навуковы супрацоўнік і кіраўнік Школы філалагічных навук НДУ«Вышэйшая школа эканомікі», прафесар Яўген Казарцаў (Масква), вядучы навуковы супрацоўнік Навасібірскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта і прафесар Сібірскага дзяржаўнага ўніверсітэта геасістэм і тэхналогій Сяргей Жданаў. Вёў пленарнае пасяджэнне дэкан філалагічнага факультэта, дацэнт Сяргей Важнік.
Працавала 5 секцый: секцыя 1 «Актуальныя пытанні тэорыі літаратуры і сучаснай жанралогіі» (старшыня – прафесар Анатоль Андрэеў, Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт тэхналогій і кіравання імя К. Р. Разумоўскага), секцыя 2 «Беларуская літаратура: сучасныя даследаванні» (старшыня – прафесар Алесь Бельскі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт), секцыя 3 «Сусветная літаратура і аспекты кампаратывістыкі» (старшыня – прафесар Ірына Скарапанава, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт), секцыя 4 «Славянскі фальклор, міфалогія і іх асэнсаванне на сучасным этапе» (старшыня – дацэнт Вольга Прыемка, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт), секцыя 5 «Літаратурныя сувязі. Інтэрмедыяльнасць. Дыдактыка» (дацэнт Таццяна Марозава, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт).
Вынікам праведзенай канферэнцыі стане выданне зборніка навуковых прац, прысвечанага 85-годдзю філалагічнага факультэта БДУ.


BY

