16 красавіка студэнты другога курса спецыяльнасці «Усходняя філалогія» і магістранты-літаратуразнаўцы разам з дацэнтам Л. В. Камлюк-Ярашэнка апынуліся ў эпіцэнтры сапраўднага тэатральнага эксперыменту: спектакль «Вось я і прыйшла…» (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, рэжысёр Аляксандр Бародка) перанёс іх у дзіўны і трывожна-прыцягальны свет Данііла Хармса – свет, дзе мяжа паміж словам і маўчаннем, сэнсам і абсурдам, жыццём і смерцю пастаянна зрушваецца.
Хармс – фігура, што не паддаецца канонам. Гэты геній абсурду і майстар эпатажу, аўтар завумнага вар’яцтва і абсалютна ірацыянальнай творчасці пагружае чытача ў свой аголены, балючы і празрыста-шчыры сусвет. Абсурд у яго становіцца спосабам асэнсавання вар’яцкага свету – свету, які не паддаецца лагічнаму вытлумачэнню. За маскай, вобразам і стратэгіяй літаратурных паводзінаў хаваюцца глыбіня, споведзь, боль і шчырасць.
І менавіта гэтая інтанацыя – на мяжы зрыву, на балансе паміж гульнёй, сном, гротэскам – дакладна перададзеная пастаноўкай. У аснове спектакля – аповесць «Старая», асобныя тэксты са зборніка «Выпадкі», фрагменты дзённікаў, вершы. Героем становіцца пісьменнік, якому даручылі напісаць твор, але творчыя спробы не прыносяць плёну. Ён сутыкаецца з таямнічымі Старымі – рэальнымі ці ўяўнымі, спакуслівымі і пагрозлівымі. Яны прыходзяць, б’юць, супакойваюць, спяваюць, знікаюць. Хто яны?
Спектакль – гэта не проста гісторыя, а пагружэнне ў псіхафізічную прастору свядомасці творцы. Сінтэтычнасць сцэнічнай мовы зачароўвае: музыка (ад кабарэ да госпел-джаза), жывая пластыка актораў, візуальныя цытаты з авангарда (у тым ліку – адсылкі да Малевіча), праца са светам, гукам і цішынёй.
Для студэнтаў гэты вечар стаў адкрыццём таго, як літаратурны тэкст можа разгортвацца ў сучаснай тэатральнай эстэтыцы. Як філасофія ўвасабляецца цялесна. Як парадокс і псеўдалогіка выяўляюць сапраўдную трывогу эпохі і шчырасць асобнага чалавека.
Наведванне такіх моцных пастановак дазваляе не толькі далучыцца да мастацтва, але і зразумець, як ідэя становіцца рэальнасцю, як слова ператвараецца ў падзею. А гэта і ёсць – сапраўдная філалогія.


BY

