Напярэдадні Дня Перамогі са студэнтамі 1 курса спецыяльнасці «Славянская філалогія» быў праведзены конкурс эсэ «Трэба, каб помнілі…», ініцыяваны дацэнтам кафедры беларускага мовазнаўства А.Л. Садоўскай. Аповеды першакурснікаў – гэта жывая памяць удзячных нашчадкаў, выказаная праз ваенныя гісторыі з сямейных архіваў. Дзяўчаты з гонарам узгадваюць сваіх прадзядуляў і прабабуль, якія цаной неверагодных фізічных і маральных высілкаў здабылі для нас Перамогу.
Найлепшым эсэ прызнаная работа Святланы Тарасевіч, якая распавядае пра свайго прадзядулю Андрэева Мікалая Канстанцінавіча, што служыў у марской пяхоце, не раз выходзіў у рукапашны бой, будучы салдатам 377-ай стралковай дывізіі. У 1943 годзе ён прарываў блакаду Ленінграда на Волхаўскім фронце, быў двойчы паранены асколкамі снарадаў. Праз чатыры дзясяткі гадоў пасля перамогі Мікалай Канстанцінавіч пачаў пісаць вершы, у якіх распавядаў пра подзвігі і няўдачы сваіх ваенных аб’яднанняў, апяваў перамогу і яе герояў.
Студэнтка аздобіла сваё эсэ фотаздымкамі, на якім мы бачым яе прадзядулю з сям’ёй і старонкі рукапіснай кнігі вершаў Мікалая Канстанцінавіча Андрэева.
«Памяць пра Вялікую Айчынную вайну – гэта не проста мінулае, гэта наша сучаснасць і будучыня. Гэта падмурак беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, залог міру і бяспекі, урок, які мы павінны вывучыць і перадаць сваім нашчадкам. Трэба, каб памяталі Вялікую Айчынную вайну і не дапусцілі паўтарэння гэтай страшнай трагедыі» ‒ такімі пераканальнымі словамі завяршае сваё эсэ Святлана Тарасевіч.
Высокую мастацкую вартасць маюць таксама і эсэ Дваранскай Паліны, Лычык Аліны, Бахеравай Лізаветы і Цімашэнка Паліны.



BY

