29 красавіка 2026 г. загадчык кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства дацэнт Таццяна Марозава і загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Вера Дзянісенка разам са студэнтамі філалагічнага факультэта Аляксеем Дубоўскім, Кацярынай Пенязь і Іванам Чаўкотам правялі прафарыентацыйнае мерапрыемства на базе ўстановы адукацыі “Гімназія №14 г. Мінска”.
Удзельнікамі мерапрыемства з гімназіі сталі навучэнцы 9-га, 10-га і 11-га класаў. Мадэратарам выступіла дацэнт Таццяна Марозава, якая прэзентавала навучэнцам гімназіі філалагічны факультэт БДУ, асобна спыніўшыся на спецыяльнасцях, па якіх адбываецца падрыхтоўка бакалаўраў.
Пра спецыфіку прафілізацыі “літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць” распавёў студэнт 3 курса спецыяльнасці “беларуская філалогія” Аляксей Дубоўскі, які аргументаваў выбар навучання на філалагічным факультэце і апісаў перавагі навучання на беларускай філалогіі.
Выпускнікі філфака 2026 года Кацярына Пенязь і Іван Чаўкота прадставілі спецыяльнасць “славянская філалогія”, правёўшы экскурс у студэнцкае жыццё сербістаў і славакістаў.
Загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Вера Дзянісенка натхніла навучэнцаў на рэалізацыю творчых здольнасцей праз удзел у праектнай дзейнасці, прадэманстраваўшы ў прэзентацыі вынікі некаторых праектаў лабараторыі.
Напрыканцы мерапрыемства навучэнцы атрымалі буклеты пра філалагічны факультэт БДУ і папрасілі студэнтаў славянскай філалогіі развітацца з імі па-сербску і па-славацку. Пачутае было сустрэта бурнымі апладысментамі!






BY

